Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вольга Бабкова — пра габрэйскую прастору ў беларускай літаратуры


Вольга Бабкова

Вольга Бабкова

У 1926 годзе будучы Нобэлеўскі ляўрэат, аўтар «Шошы», Ісак Башэвіс Зінгер, апынуўшыся ў Менску, быў зьдзіўлены і крануты пабачаным і пачутым: на вакзальных шыльдах, у канторах, на вуліцах быў прысутным ідыш.

Цяпер мы ведаем пра гэта адно як пра гістарычны факт. Мы выпраўляемся ў сяброўскія вандроўкі ў пошуках гэтай страчанай цывілізацыі.. Але знаходзім пераважна толькі маўклівыя камяні і цені.


Майсей (Мойша) Кульбак «Зельманцы». Рэдакцыя мастацкай літаратуры. Менск, 1960 г. Пераклад з ідыш Віталя Вольскага

Сьвет не бяз добрых людзей. Толькі сёлета пачула ад Алі С. пра гэты раман Кульбака. Знайшла і прачытала. Шчасьлівая. Аўтар прымусіў усьміхнуцца, парагатаць, замаркоціцца («трохі салодкага смутку»), колькі разоў запыніцца ад захапленьня трапнай мэтафарай, паэтычнасьцю гэтай нібыта побытавай прозы. Вось ужо сапраўды Восень, Зіма, Вясна, Лета ў цесным двары рэбэ Зэльмана ў атачэньні Менска, які прысутнічае ў рамане не праз дакладныя адрэсы, а праз адчуваньне прасторы (палі, тракты), гукі ( «новы дзіўны звон» трамвая), колеры (сіні, срэбны, ліловы…) і брук. Брукаваным быў горад, брукарамі былі тыя, якія ўкладалі камяні ў пясок, драўлянымі падэшвамі стукалі па бруку свайго двара зэльманцы. Раман — хроніка двара, сям’і, разгалінаванай як сямісьвечнік, якая распачалася ад рэбэ Зелмелэ ў 1863 годзе і пражыла на адным месцы 70 гадоў, пакуль побач не пачалі будаваць фабрыку «Камунарка». Саматужнікі-адзіночкі, іх жонкі і дзеці на працягу некалькіх пакаленьняў выпрацавалі свае ўласныя адносіны да жыцьця. Гэткая Хабітонія на ўскрайку Менска. Датуль, пакуль жыхары не пабачылі свой двор ляжачым, як разабраны гадзіньнік («Стрэлкі мераюць час, маятнікі — цішыню»). Але ж на Ляхаўцы ўсё роўна будуць цьвісьці макі, а зэльманцы, бывае, вырашаюць, што некаторыя праявы жыцьця ўсяго толькі «здань мяцеліцы, сон, які бачаць балаголы, калі блукаюць часам у завірусе».

Майсей Кульбак быў расстраляны ў «Амэрыканцы» ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году разам з 132(…) прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі. Страшны будынак стаіць на менскім праспэкце. Нема крычаць сьцены. Дасюль.


Аркадий Капилов. «Замковая 2\7», Повести и рассказы. Менск, 1995

У аўтабіяграфічнай аповесьці Аркадзя Капілава Менск паўстае пабачаным з гледзішча даваеннага жыхара Замчышча, для якога вуліцы Замкавая, Падзамкавая, Падзамкавая на Балоце, Стара- і Новамясьніцкая, Нізкі рынак і Замкавая гара былі цэнтрам сьвету, пра які аўтар распавядае з сумам і цеплынёй, таму што ад мінулага жыцьця не засталося ані знаку. Як не засталося пасьля вайны амаль нікога з сяброў, суседзяў, блізкіх людзей. «Подумать страшно, чего и кого теперь уже нет… на небольшом отрезке от Немиги до Дворца Спорта умещалось некогда столько дорогого моему сердцу.» Аркадзь Капілаў пражыў тут на рагу Замкавай і Старамясьніцкай 16 гадоў, у старым менскім раёне, які сапраўды жыў своеасаблівым жыцьцём выспы ў атачэньні вялікага горада з крамамі, тэатрамі, паркамі, адкуль часам з цэнтральных вуліц даносіліся званкі трамваяў ды клаксоны аўтамабіляў. Да чатырох гадоў малы мянчук прыстойна размаўляў на трох мовах — ідыш, беларускай і расейскай, мовамі двара і вуліцы. Вуліцы Ратамская, Гандлёвая, Школьная, Кустарная, Транспартны завулак, забрукаваны раён Пярэспы, Опэра, кіно ў «Зялёным тэатры», электрастанцыя, фантан «Хлопчык з лебедзем» (з цэлюлёідным шарыкам у дзюбе), раён парка Чалюскінцаў, які меў назву «Выстаўка», габрэйскі тэатар, дзе ў 1937 годзе глядзелі «Тэўе-малочнік» і " Гершэле Остраполер«, піўзавод з «чалавечкамі» на даху, дзьмухаўцы, якія на Замчышчы называліся «краскі»… — рэаліі тагачаснага горада, пададзеныя аўтарам такім чынам, што немагчыма не адчуць ягоныя лад і атмасфэру. Людзі, што жылі ў раёне Замчышча, наўрад ці лічылі сябе героямі ў гэтым жыцьці, але, дзякуючы свайму суседу Аркадзю Капілаву, сталі героямі аповесьці і тым самым засталіся ў мэнтальнай гісторыі горада, як і ўвесь той сьвет, зьнішчаны ў вадначасьсе ў гета, створаным на тэрыторыі былога менскага Замчышча.

Аўтарка малюнкаў да кнігі— выдатная мастачка Марына Аркадзьеўна Капілава.


Гирш Релес. «Еврейские советские писатели Белоруссии», Воспоминания. Пераклад з ідышу М.Аккермана, С. Ліакумовіча. Выдавец Зьміцер Колас, Менск, 2006

У прадмове да сваіх успамінаў Гірш Рэлес піша пра сярэдзіну 30-х гадоў як пра час, калі габрэйская культура ў савецкай Беларусі дасягнула найвышэйшага разьвіцьця. У Менску пры Саюзе пісьменьнікаў была створана габрэйская сэкцыя (каля 50 літаратараў). У шэрагу заснавальнікаў габрэйскай літаратуры стаялі Ізі Харык, Мойша Кульбак, Зэлік Аксэльрод ды іншыя. Побач з прапагандысцкімі кнігамі ў той час ствараліся і сапраўдныя літаратурныя шэдэўры (тыя ж «Зельманцы» М.Кульбака). Унікальнасьць гэтай кнігі ўспамінаў палягае ў тым, што аўтар напісаў пра людзей, якіх ведаў асабіста, пакінуўшы згадкі, якія расквечваюць часам сухія радкі пісьменьніцкіх біяграфій. Але ж нават біяграфій габрэйскіх пісьменьнікаў той драматычнай эпохі засталося надзвычай мала… Дар Рэлеса ўзгадваць самае цёплае пра чалавека, уздымаць яго на п’едэстал — безумоўна, характарызуе самога аўтара, дарэчы адзінага сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў, які ўвесь час, да апошняга, пісаў на ідыш. Чашнікі, Дуброўна, Гарадок, Ракаў, Дукора, Калінкавічы, Бабруйск.. — беларускія мястэчкі, што згадваюцца ва ўспамінах. ..На вуліцы Савецкай у Менску жыў Ізі Харык, у камяніцы на Астроўскага — лепшы шахматыст сярод пісьменьнікаў Зэлік Аксэльрод, на вуліцы Рэвалюцыйнай была рэдакцыя часопіса «Штрэн» і ў дварах казалі таксама і на ідыш. А паэт, кампазытар і бухгальтар па прафэсіі Эля Савікоўскі любіў стукаць камэртонам па дрэве ў парку, прыкладаць яго да вуха і сьпяваць… Цёплы чалавечы сьвет. Бязьлітасны чалавечы сьвет. Але ж, як любіў казаць празаік Цодзік Даўгапольскі: «Выше голову и уберите задумчивость с лица!».


Ізі Харык «Туга па чалавеку» (на ідыш і беларускай). Укладальнік кнігі Вольф Рубінчык. Менск, 2008

Ізі Харык — адзін з найлепшых яўрэўскіх паэтаў 20 стагодзьдзя. Гірш Рэлес адзначаў у сваіх успамінах надзвычайную мэлядычнасьць ягонай паэзіі. Згадваў і ягоную неверагодную папулярнасьць. Ня ведаць пра Харыка лічылася кепскім тонам. Песьні на ягоныя словы былі ў рэпэртуары габрэйскіх сьпевакоў і беларускіх хораў. Ягоны стыль ў вопратцы намагаліся пераймаць маладзёны як у Менску, так і ў мястэчках. Ён быў прызнаным аўтарытэтам. У літаратурна-мастацкае ілюстраванае выданьне, укладзенае Вольфам Рубінчыкам, увайшлі вершы розных гадоў, нарыс «Лейзэр Шэйнман — бадхен з Зембіна» і біяграфічныя матэрыялы. Усе тэксты ў кнізе прадстаўлены на мове арыгіналу і ў перакладах на беларускую мову вядомых беларускіх пісьменьнікаў. Паэтаў трэба чытаць і слухаць, асабліва калі паэт — брат ветру…


Не трацьце сябе ў паняверцы,
Ні сілы, ні веры на шчасьце.
Здаецца, не зможаш памерці,
Калі маеш добрае сэрца
Для вылету з вокнамі насьцеж.

(1925)


* * *
..Я стомы не ведаў як сьлед.
Упэўнены быў: міне.
А тут раптам сіл нестае —
Нячутна асьнежаны сьвет
Пяе калыханку мне.
Калі не сунімецца сьнег,
Тады незнарок вазьму
Кажух свой і шапку зьніму
І буду, як песьню, як сьмех
Слухаць зіму. …

(1924)

Замучаны і зьняважаны Ізі Харык быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году.


Ідыш-беларускі слоўнік. Сабраў і пераклаў на беларускую мову Аляксандр Астравух. Менск «Мэдисонт», 2008

Аляксандр Астравух — Майстра. Па ягонай задуме, жаданьні, руплівай працы атрымалася сабраць і ўпарадкаваць сапраўдны ідышны скарб. 10 год працы над слоўнікам, які аўтар назаве дзёньнікам свайго жыцьця, прынесьлі выразны плён. Ён складзены не па існуючых слоўнікавых стандартах і таму паўстае ўражаньне, што Астравух увабраў у кнігу, як у залатое яйка, усю размаітасьць жыцьця, якое некалі існавала поруч. «Гэта яшчэ тады дзеялася, калі ў нашых рэчках было шмат рыбы, а ў местах ды мястэчках шмат яўрэяў» (Рыгор Барадулін). З асаблівай любасьцю аўтар-складальнік зьбіраў словы дзіўныя, састарэлыя, мала вядомыя, і атрымаўся «моўны цуд сьвету». 25000 слоўных артыкулаў, 50000 словаў, каля 5000 прыказак і прымавак, а таксама прыгаворкі, выслоўі, зычэньні, вітаньні, дражнілкі-кепікі, праклёны, загадкі, хуткагаворкі, цытаты з габрэйскіх песень…. Куды ўсё падзелася? Дарэмнае пытаньне. …Затое даведалася, што «жыдоўская кава», гэта кава з цыкоры (а толькі што смакавала жалудовую!), «жыдок» — дзьмухавец, «жыд(ок)» — верабей… У выданьні ёсьць дадатак — Беларуска-жыдоўска-беларускі слоўнічак, а таксама ўзоры беларускай гаворкі зь «ідышызмамі», якія патрапілі нават у беларускія дзіцячыя лічылкі:

Она, дуна, рэс,
Кіндэр, віндэр, рэс.
Она, дуна, раба,
Кіндэр, віндэр, жаба.

І яшчэ шмат усяго. На 927 старонках шчыльна-шчыльна — агромністы сьвет ідышу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG