Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды ў Сьвіслачы выносяць завочна


Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы

Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы

Гарадзенку Ірыну Данілоўскую Сьвіслацкі раённы суд асудзіў безь яе прысутнасьці на 8 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Такім чынам міліцыянты ў Сьвіслачы расцанілі ўшанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага, якое адбылося 27 кастрычніка. Завочна асуджаны і актывіст Алесь Кіркевіч. Праўда, праз тэлефон яму адмовіліся паведамляць, якое пакараньне вынесена.

Ірына Данілоўская атрымала з суду ліст, у якім паведамляецца, што яе асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на 8 базавых велічынь, што складае 800 тысяч рублёў. Прычым, позвы ў суд ёй ніхто не ўручаў.

Падобным чынам асуджаны Алесь Кіркевіч. Яму не ўручылі позвы, а толькі патэлефанавалі з суду й запрасілі на паседжаньне. Кіркевіч не пагадзіўся з такім запрашэньнем, а калі паспрабаваў высьветліць, які прысуд вынесьлі, яму адказалі, што рашэньне вышлюць на хатні адрас.

27 кастрычніка ў Сьвіслачы падчас ушанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага міліцыянты затрымалі чатырох маладзёнаў. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.

Пазьней усіх асудзілі: Станіслава Гусакова зь Віцебску і Алеся Крата зь Менску, Вітольда Ашурка з Бярозаўкі да 3 сутак арышту. Гарадзенца Віталя Лопасава аштрафавалі на 3 мільёны рублёў. Ён падаваў скаргу ў абласны суд, але яна таксама не была задаволена.

Яшчэ амаль празь месяц былі асуджаныя да штрафаў мясцовыя актывісты зь Сьвіслачы Віктар Дзясяцік, Анатоль Валюк і Юры Глебік, а таксама актывіст зь Бярозаўкі Сяргей Трафімчык. Сьвіслацкія актывісты падалі скаргі ў абласны суд, але там іх не задаволілі. Вядома, што пратаколы складзеныя таксама на гарадзенскіх актывістаў Вадзіма Саранчукова і Валера Кіселя.

Кісель наагул у той дзень не прысутнічаў у Сьвіслачы, ён даслаў у суд доказы таго, што 27 кастрычніка працаваў у Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску. Тым ня менш, сёньня стала вядома, што разгляд ягонай «справы» прызначаны Сьвіслацкім судом на 26 сьнежня.
XS
SM
MD
LG