Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніца: У Стоўбцах арыштантаў забіў падроблены алькаголь


Супрацоўнікі Сьледчага камітэту з Стаўбцоўскага раёну правяраюць факт гібелі двух вязьняў мясцовага ізалятару.

Трагедыя адбылася 15 сьнежня. Зь невялікім перапынкам на тэрыторыі РАУС памерлі 51-гадовы мужчына, а за ім 26-гадовы. Ускрыцьцё целаў паказала атручваньне невядомым ядам.

21 сьнежня ў менскай управе Сьледчага камітэту апавялі, што падчас праверкі знойдзеная бутэлька зь невядомай вадкасьцю, якая накіраваная на экспэртызу. Пра гэта паведамляе БелаПАН. Таксама паведамляецца, што сьледчыя дапыталі супрацоўнікаў РАУС, арыштантаў ды іншых асобаў.

Крыніца, набліжаная да пэнітэнцыярнай сыстэмы, якая пажадала застацца не названай, падзялілася сваімі зьвесткамі пра магчымую прычыну здарэньня:

«Там звычайнае атручаньне падробленым алькаголем. Арыштантаў выводзілі з ізалятару на працу, нешта яны ці грузілі, ці што іншае рабілі. Адзін зь іх меў магчымасьць прыйсьці дамоў, адкуль ён і прынёс бутэльку з атручаным, як аказалася пазьней, алькаголем. А міліцыянты, відаць, каб яны лепш працавалі, не пярэчылі. Карацей, там казаць пра катаваньні ці нейкія такія рэчы не даводзіцца. Хутчэй пра службовую нядбайнасьць».

Пра здарэньне стала вядома 19 сьнежня з публікацыі на сайце «Ежедневника». У ёй, сярод іншага, адзначалася: «Згодна з высновамі мэдыкаў, нават пры цяжкім атручваньні ядамі ў пацярпелых ёсьць некалькі гадзін на тое, каб ім аказалі дапамогу і выратавалі. Іншымі словамі, сьмерць пры цяжкіх атручваньнях наступае празь некалькі гадзін толькі пры неаказаньні мэдыцынскай дапамогі. А тут зьявіліся першыя сымптомы, выклікалі «хуткую» і празь некалькі хвілін чалавека ўжо няма».
XS
SM
MD
LG