Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэрыяле пра забойства Кубэ па-беларуску гавораць паліцаі і прастытуткі


«Паляваньне на гаўлятара» — кінэматаграфічная вэрсія таго, як 23 верасьня 1943 году Алена Мазанік забіла генэрала-камісара Вільгельма Кубэ.

Сэрыял ужо паглядзелі ва Ўкраіне. Да таго ж, усе 10 сэрый ужо зьявіліся ў інтэрнэце і даступныя кожнаму. Здымала сэрыял расейская кампанія «Starmedia» пры ўдзеле Беларусьфільму. У аснову сюжэта пакладзеныя рэальныя гістарычныя падзеі, што адбываліся ў Менску ў 1941—1943 гадах. Здымкі адбываліся ў Бабруйску, Віцебску і Менску.

Аўтары сэрыяла — рэжысёр Алег Базілаў і сцэнарыст Ігар Тэр-Карапетаў у сваіх інтэрвію сьцьвярджаюць, што іхняя праца — не рэканструкцыя. І сапраўды: галоўная гераіня Галіна, якую выконвае «цудоўная няня» Анастасія Заваратнюк, мае прозьвішча Памазан (прататып — Алена Мазанік). Другая ўдзельніца забойства Кубэ Марыя Восіпава стала Марыяй Архіпавай. Ёсьць у фільме нават Мікалай Пахлябаеў (у сэрыяле — Парываеў) — намесьнік дырэктара кінатэатра, які, як мяркуе гісторык Юры Туронак, быў агентам нацыскай Службы Бясьпекі. Мяркуецца, што ён таксама быў удзельнікам забойства Кубэ. Праўда, ягонае імя нашмат менш вядомае. Толькі нядаўна на Рэвалюцыйнай вуліцы, дзе ў гады вайны месьціўся кінатэатар, была ўсталяваная мэмарыяльная дошка ў ягоны гонар.

Адметнасьцю фільму зьяўляецца ягоная выразная дзьвюхмоўнасьць. Выпадковыя пэрсанажы ў ім гавораць па-беларуску, і іхныя словы падаюцца безь перакладу. Пэрсанажы гэтыя — прыстытутка, паліцаі і іншыя людзі, чые паводзіны выразна нэгатыўныя і выклікаюць адмоўныя эмоцыі.



«Ды яны там намяшалі боб з гарохам. Накруцілі, што хацелі. Нічога гістарычнага там няма», — кажа гісторык Вячаслаў Селяменеў. Ён, дарэчы, аўтар кніг «Паляваньне на ката» і «Паляваньне на гаўляйтара». Паводле ягоных слоў, стваральнікі фільму да яго самога не зьвярталіся. Хаця пра фільм ён чуў.

Селяменеў: «Гэта проста казкі. Людзі глядзяць, думаюць, што там ёсьць праўда. Такія рэчы недапушчальныя нават у мастацкім творы. Тым больш, калі дзейнічаюць рэальныя асобы». Наконт вобразу беларускамоўных у яго меркаваньня няма, бо фільм ён не глядзеў.
Такія рэчы недапушчальныя нават у мастацкім творы. Тым больш, калі дзейнічаюць рэальныя асобы

«Кубэ якраз рабіў націск на тое, каб беларускую мову ўвесьці ў абарот. Гэта адзін з тых момантаў, якія не падабаліся Маскве ў ягонай дзейнасьці. Мова ўжывалася нават ня так, як у Савецкім саюзе. Гэта адназначна. Кубэ быў больш хітрым палітыкам, чым іншыя гаўляйтары. Ён спрабаваў гуляць з „нацыянальным“ момантам».

Сапраўды, пры Кубэ адбылася беларусізацыя жыцьця на акупаваных немцамі тэрыторыях. Была створана Беларуская нацыянальная самапомач, беларусізавалася царква і касьцёл, адкрыліся беларускамоўныя школы. Скантактавацца з самімі аўтарамі сэрыялу і спытацца ў іх, чаму менавіта празь беларускую мову яны вырашылі адасобіць «добрых» і «кепскіх», пакуль не ўдалося. Але як атрымалася, што нацыянальная тэлекампанія «Беларусьфільм удзельнічала ў стварэньні відавочна нэгатыўнага вобразу беларускамоўных?

Прадстаўнікі Беларусьфільму кажуць, што кінакампанія збольшага ўзычыла расейцам сваю базу. Ёсьць у фільме некалькі беларускіх актораў. У прыватнасьці, Тацяна Мархель грае маці Галіны Памазан (галоўнай гераіні). Яна, дарэчы, бадай адзіны пазытыўны беларускамоўны пэрсанаж. Праўда, цяпер спадарыня Тацяна за мяжой і пагаварыць зь ёю па тэлефоне не ўдалося.

Васіль Пятроў, кіраўнік студыі ігравога кіно Беларусьфільму, арганізоўваў вытворчасьць усіх 10 сэрый. На пытаньне, як жа так атрымалася зь беларускай мовай, кажа, што такім чынам хацелі падкрэсьліць розьніцу паміж «горадам і вёскай». «Можна мець да гэтага прэтэнзіі, але мне здаецца, што гэта цалкам жыцьцёва. Калі толькі не глядзець на гэта так: „Ай, беларускую мову так выкарысталі!“. Мне здаецца, што балянс захаваны, і фільм атрымаўся. І з пункту гледжаньня ідэнтыфікацыі беларусаў, і з пункту гледжаньня гісторыі».

«Вобраз нацыяналістаў і калябарантаў абсалютна адмоўны, — кажа гісторык Антон Рудак. — Гучаць назвы многіх тагачасных вайсковых фармацыяў. Атрад беларускай самааховы ўдзельнічае ў расстрэле мірных жыхароў. Абсалютна нічога пазытыўнага няма ў вобразе гэтых людзей, якія б прычыны не прывялі іх туды. Ніякай спробы іх зразумець, ці пераасэнсаваць, там няма».

Антон Рудак яшчэ месяц таму выказаў свае ўражаньні пра сэрыял у сваім блогу: «Хочацца аддаць анафэме кансультантаў па ўніформе, дзякуючы якім беларуская паліцыя разганяе на пятліцах „БКА“ (1944) і шаўронах штурмавой брыгады СС „Беларусь“ (1945). Дзеяньне фільму, як мы памятаем, разгортваецца ў 1941-1943 гадах.

Варта адзначыць яшчэ і дэкаратараў, якія напіхалі ў кадар увесь агітматэрыял, які змаглі знайсьці ў інтэрнэтах».

Васіль Пятроў зь Беларусьфільму кажа, што грошы былі ня тыя, каб узнавіць атмасфэру дакладна. Але ў Рудака ёсьць прэтэнзіі і да самой гісторыі: з трагічнай гістарычнай падзеі аўтары сэрыялу зрабілі рамантычную гісторыю:
Ідзе поўная падмена матывацый

«Усё зводзіцца да дачыненьняў дзьвюх жанчын, у якіх ёсьць канфлікт з-за мужчыны, якога яны кахаюць. Ідзе поўная падмена матывацый».

«Асьвятляючы гісторыю знаёмства галоўных герояў, сцэнар далёка адышоў ад рэальнасьці, — упэўнены Антон Рудак. — „Блізкія стасункі“ (вызначэньне Ю. Туронка) зьвязвалі Мікалая Пахлябаева не з Мазанік, а зь яе сястрой Валянцінай Шуцкай… А ў фільме Парываеў (Пахлябаеў) апынаецца мужам Архіпавай і ў той жа час „круціць“ раман з Памазан».

Гісторыя забойства Кубэ ўжо была ўзноўленая ў знакамітым савецкім фільме «Гадзіньнік спыніўся апоўначы» (1956). Паводле экспэртаў, у гэтым фільме таксама мала чаго ад рэальных падзеяў. Паводле іх слоў, у нас няма гістарычных працаў, якія б давалі аб’ектыўную ацэнку дзейнасьці Кубэ на тэрыторыі Беларусі, няма доступу да нямецкіх архіваў і архіваў ФСБ.

Рэальныя ўдзельнікі гэтых падзеяў пражылі доўгае жыцьцё. Марыя Осіпава памерла ў 1999-м, Алена Мазанік — у 1996. Была ў гэтай гісторыі трэцяя жанчына — Надзея Траян. Яна памерла летась. «Надзеі Віктараўны Траян у гэтым фільме няма ані ў якім выглядзе, — кажа Антон Рудак. — Вось ужо каму пашанцавала».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG