Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва перадала Беларусі інфармацыю пра «плюшавы дэсант»


Генпракуратура Літвы ў пятніцу паведаміла, што дала Беларусі інфармацыю наконт палёту швэдзкіх актывістаў, калі яны нечакана заляцелі ў паветраную прастору Беларусі зь Літвы і скінулі над Беларусьсю каля тысячы плюшавых мішак з лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова.

У прэс-рэлізе гаворыцца, што Генпракуратуры Беларусі была прадстаўленая інфармацыя ў рамках крымінальнай справы аб незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы лёгкім самалётам 4 ліпеня, паведамляе DELFI.

Якая інфармацыя была прадстаўлена Беларусі, не дэталізуецца.

«Я ня надта магу гэта камэнтаваць. Бо да абмену інфармацыяй ў крымінальных справах стасуюцца патрабаваньні канфідэнцыйнасьці. Гэта тыя самыя дадзеныя, што і дадзеныя дасудовага расьсьледаваньня. Сытуацыя такая, што мы, выконваючы міжнародныя абавязаньні, у гэтым выпадку ня можам шырэй камэнтаваць ні зьместу запыту, ні перададзеных матэрыялаў», — заявіў агенцтву BNS намесьнік старшага пракурора дэпартамэнту крымінальнага перасьледу Генпракуратуры Літвы Томас Крушна.

Як паведамляе пракуратура, гэта інфармацыя на падставе двухбаковага міжнароднага дагавора аб прававой дапамозе і прававых адносінах у грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.

Дасудовае расьсьледаваньне аб перасячэньні дзяржаўнай мяжы ў Літве пачалося 14 жніўня, больш чым праз месяц пасьля інцыдэнту. Расьсьледаваньне праводзіць Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, яго кантралюе Генпракуратура.

Гэтая акцыя стала вядомая як «плюшавы дэсант», з-за яе былі звольненыя кіраўнікі войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Памежнага камітэту.
XS
SM
MD
LG