Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт — адзін, а прэм’ераў — шэсьць


Былыя прэм’ер-міністры
Былыя прэм’ер-міністры

З 1994 году, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, у краіне зьмянілася пяць кіраўнікоў ураду. Які лёс былых прэм’ераў?

Першым прэм’ерам пры Лукашэнку быў Міхаіл Чыгір. На пытаньне Свабоды, чым ён цяпер займаецца, экс-прэм’ер адказаў так:

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір
«Я — пэнсіянэр. Цяпер займаюся падсобнай сельскай гаспадаркай. Гэта найперш пчолы. Гаспадарка пакуль на бацькаўшчыне. Але я пакрыху буду, мусіць, перавозіць яе сюды. Далекавата ўсё ж трэба езьдзіць, што ні кажыце, а 140 кілямэтраў, туды-сюды. А езьдзіць трэба даволі часта, бо ўсё ж ёсьць праблема даглядзець. А адлучыцца і паехаць туды надоўга таксама не атрымліваецца. Пайшоў на пэнсію, а часу яшчэ больш не хапае, чым раней.

Я мёд прадаю. Былі гады, калі па тоне прадаваў за год. Тады было 50 пчаліных сем’яў у гаспадарцы. Цяпер крыху менш. Можа, буду нарошчваць. Дакладна яшчэ ня ведаю».

Цікаўлюся ў экс-прэм’ера, якую пэнсію ён атрымлівае:

«Як дзяржаўны служачы».

Карэспандэнт: «А прэм’ерскую, хіба, не далі?»

«Пачалі плаціць. А пасьля забралі. Спынілі індэксацыю, пасьля чаго пэнсія ўпала-упала-упала. І тады я задаў пытаньне: чаму мне спынілі плаціць прэм’ерскую пэнсію? А мне адказваюць: вы ж напісалі заяву. Я кажу — пакажыце мне яе, тады будзеце гаварыць. Ніякай заявы я не пісаў і ад прэм’ерскай пэнсіі не адмаўляўся. Іхняе сьцьверджаньне — глупства, вядома ж».

Сяргей Лінг
Сяргей Лінг
Сяргей Лінг таксама на пэнсіі. Публічна ён не выступае. Хоць гады два таму Аляксандар Лукашэнка згадаў яго, не называючы прозьвішча. Але з кантэксту было зразумела, што размова ідзе пра Лінга. Маўляў, тут адзін былы кіраўнік ураду паскардзіўся — сьвінячай выразкі яму не хапае. Родныя экс-прэм’ера кажуць, што ён заняўся сельскай працай: вырошчвае гародніну, кветкі. І па-ранейшаму ня здраджвае свайму даўняму захапленьню — паляваньню.

Уладзімер Ярмошын
Уладзімер Ярмошын
Уладзімер Ярмошын, нягледзячы на свае 70 гадоў, працуе. Пад яго кіраўніцтвам будавалі «Менск-арэну» і жылы комплекс «Славянскі квартал» у цэнтры сталіцы. Цяпер ён дырэктар «Зьнешэканомбуду». Кажуць, што прэм’ерскую пасаду ён страціў пасьля таго, як адмовіўся спыніць сяброўскія стасункі з апальным Міхаілам Марынічам.

Марыніч гэту інфармацыю пацьвярджае і кажа, што яны пазнаёміліся на будоўлі яшчэ ў 1965 годзе. Ярмошын быў тады заказчыкам ангару, Марыніч — майстрам на гэтым аб’екце. З таго часу і сябруюць.

Генадзь Навіцкі
Генадзь Навіцкі
Генадзь Навіцкі наагул, як у падпольлі. Нідзе на публіцы не зьяўляецца. Кажуць, што нядаўна ажаніўся.

Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі цяпер працуе ў Маскве. Ён — сябра Эўразійскай эканамічнай камісіі. І як кажуць яго калегі па камісіі, заўжды моцна адстойвае нацыянальныя беларускія інтарэсы.

«Усіх беларускіх прэм’ераў, і былых, і цяперашняга, аб’ядноўвае адно — яны ня мелі сапраўдных прэм’ерскіх паўнамоцтваў» — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Яны ўсе як блізьняты, таму што ў іх паўнамоцтвы, як ў распарадчыка на банкеце. Самастойнасьці ў іх не было. Таму і увесь шэраг такі атрымаўся — абсалютна нудны. Асобаў не было. Як, напрыклад, той жа Кудрын у Расеі. Ён і прэм’ерам ня быў, а Пуцін дагэтуль зь ім сустракаецца, раіцца. Калі б і ў нас быў такі яркі чалавек, то пра яго і сёньня б пісалі і гаварылі».

«На ваш погляд, у Беларусі няма выбітных асобаў, ці што?» — пытаюся навукоўца:

Леанід Заіка: «Асобаў хоць заваліся. Як толькі сытуацыя зьменіцца, беларусы будуць зьдзіўленыя тым, як многа ў краіне прафэсійна падрыхтаваных, разумных людзей. І самыя моцныя эканамічныя пэрсаналіі — у Нацыянальным банку, пачынаючы з узроўню кіраўніка дэпартамэнту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG