Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску чакаюць Бэтлеемскі агонь


Напярэдадні сьвята Нараджэньня Хрыстова ў архікатэдральным касьцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску чакаюць Бэтлеемскі агонь.


Галоўнай падзеяй наступнага году мусіць стаць сьвяткаваньне 400-годзьдзя зьяўленьня абраза Маці Божай Будслаўскай у вёсцы Будслаў. Пра гэта паведаміў мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас перадкаляднай сустрэчы з журналістамі.

Перадкалядная сустрэча з журналістамі, а таксама іншымі рэлігійнымі і сьвецкімі супольнасьцямі — традыцыйная ў каталіцкім касьцёле ў Беларусі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якія запачаткаваў і стала трымае традыцыю, падчас сустрэчы паведамляе пра падзеі мінулага году, а таксама дзеліцца плянамі касьцёла на бліжэйшую будучыню, адказвае на пытаньні журналістаў. Адным зь іх было пытаньне пра магчымасьць візыту ў Беларусь Папы рымскага і падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Ватыканам.

Кандрусевіч: «Мы хочам, каб Папа прыехаў, але гэта пакуль што застаецца толькі нашым пажаданьнем. Я некалькі гадоў таму спытаўся Папу і зараз таксама — пару тыдняў таму, як быў у Ватыкане — сказаў: мы чакаем. Папа ўсьміхнуўся ну і... ня ведаю... А калісьці Папа сказаў: калі Бог мне адчыніць дзьверы, то я прыеду. Ну, чакаем, калі Бог адчыніць дзьверы. Бог ня мае ні рук, ні ног — мы зьяўляемся рукамі і нагамі — таму для гэтага трэба маліцца. Што тычыцца дамовы, то праца вядзецца — больш я нічога не магу сказаць».
Калісьці Папа сказаў: калі Бог мне адчыніць дзьверы, то я прыеду. Ну, чакаем, калі Бог адчыніць дзьверы

Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, галоўнай падзеяй наступнага году мусіць стаць сьвяткаваньне 400-годзьдзя зьяўленьня абраза Маці Божай Будслаўскай у вёсцы Будслаў. Таксама адным з накірункаў будзе аднаўленьне паваленых, зьнявечаных ці зьнішчаных крыжоў, як сымбаляў веры, на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Заплянаваны працяг кнігадрукаваньня і практычны сэмінар для каталіцкіх і сьвецкіх мэдыяў. Гаворыць арганізатар журналісцкага форуму, ксёндз Андрэй Рылка:

«Сьвецкія мэдыі цікавяцца, чым жыве касьцёл у Беларусі, але ня ведаюць дзе можна ўзяць інфармацыю. Плянуем расказаць, што можа прапанаваць касьцёл, якія ёсьць магчымасьці. Ну і найважнейшым ёсьць, каб быў нейкі дыялёг са сьвецкай журналістыкай. Бо мы ўжо праводзілі форумы з хрысьціянскім мэдыямі, а зараз — я думаю — найлепшы час, каб сустрэцца з больш шырокай мэдыйнай публікай».
Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з журналістамі

Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з журналістамі


Ламаньне аплаткі з арцыпастырам і складаньне лепшых пажаданьняў — таксама сталая традыцыя перадкалядных сустрэч Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі. Бо галоўнай нагодай ёсьць чаканьне Нараджэньня Хрыстовага, кажа прэсавы сакратар, кс. Юры Санько:

«Гэта сьвята сьвятла, якое ў наш час Бог пралівае праз традыцыі, што захоўваюцца намі, і благаслаўляе нас. І мы зьяўляемся апосталамі нашага часу — кожны з нас — таму гэта нашае сьвятое заданьне радавацца, весяліцца і дзяліцца гэтай радасьцю зь іншымі людзьмі».

Як паведаміў кс. Юры Санько, яшчэ да сьвята Нараджэньня Хрыстова ў Менску чакаюць агонь, запалены ад нязгаснай лямпады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Ён ужо дастаўлены ў Беларусь, а ў нядзелю, 23 сьнежня, яго ўрачыста ўнясуць у галоўны каталіцкі храм — архікатэдральны касьцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым Бэтлеемскі агонь будзе перададзены ў касьцёлы і капліцы ўсіх гарадоў і мястэчак Беларусі.
XS
SM
MD
LG