Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра літасьцівага сабаку


Добра памятаю тое раптоўнае пачуцьцё. Дайшло: усе без выключэньня пакаленьні нашых продкаў зачапіла вайна. Маіх бацькоў, дзядоў і далей па лесьвіцы ўніз. Таму і гаворак найболей было пра вайну, і культура ўся была пра яе.

Наша пакаленьне – першае, якое ніякая вайна не зачапіла («афганцы» ўсё ж не пакаленьне і не ў Беларусі ваявалі). Мы проста ня ведалі ніякай вайны і калі й пісалі пра вайну, дык не пра сваю, пра «іхную». Быкаў казаў: ня дай бог дажыць, калі пра вайну пачнуць пісаць тыя, хто там ня быў. Гэтыя словы датуюцца самым пачаткам 1980-х. І сапраўды, ніхто нічога выбітнага не напісаў. Хіба што Алексіевіч, але яна не пісала, а запісвала.

Да згаданага часу належыць і сакрамэнтальнае «ядзернаму ўзрыву – нет, нет, нет!» і Адамовічава звышлітаратура і маё пачуцьцё, зь якога я й пачаў. Раптам зразумелася, што мы – не такія. Дакладна не такія, як усе нашы продкі. Мы асаблівыя. Мы ня ведаем вайны. Але чаму ў такі пераломны момант цывілізацыі собіла нарадзіцца менавіта нам? Можа і праўда – «усё адбываецца ў маёй галаве»? Але ж вось насупраць мой калега Ян Максімюк, у галаве якога адбываецца нешта зусім іншае. А вунь калега Юры Дракахруст, і там адрозная візія сьвету.

Наступныя пасьля 1980-х гады толькі ўмацоўвалі вэрсію пра асаблівасьць нашага пакаленьня. Мы перажылі нараджэньне і сьмерць мікрошаў і кампозэраў і дабраліся да кампутараў. Мы перажылі пэйджэры і ходзім з мабільнікамі, смартфонамі, айфонамі. Мы перажылі ўвогуле масу ўсяго, чаго ніколі ў гісторыі не было, што на нашым вяку зьявілася і зьнікла.

Я быў заблукаў у чэскім лесе ў грыбах, зірнуў – мабільнік бяз сувязі, а сабака, які брахаў і быў арыенцірам, перастаў брахаць... Сонца не было. У які бок ісьці? Вось гэта, скажу я вам, канец сьвету! Ты ніхто, нідзе, куды ні пайдзі – нікуды ня прыйдзеш... Праўда, праз хвілін дзесяць сабака зьлітаваўся і ўзнавіў свой брэх.

Мая вэрсія канца сьвету такая – проста стане на месцы час. І кожны, дзе ён ёсьць і што ён робіць, так і будзе тамсама рабіць тое самае цяпер ужо – вечна. Нічога ня будзе пачынацца і сканчацца і мы самі застанемся такімі, як ёсьць, назаўжды. І вось калі гэты момант настане, калі мы на працы – гэта будзе рай ці пекла? Калега падказвае: залежыць ад настрою начальства ў гэты момант...

Але бяз жартаў. Тое, што мы такія – першыя, схіляе да думкі пра нелінейны поступ цывілізацыі. А значыць, усё можа быць. Калі ў маім дзяцінстве гісторыя была неаспрэчнай навукай і паважаным прадметам, дык пасьля Фукуямавага «канца гісторыі» яна страціла давер. Кажуць, гісторыя – проста міт, а гісторыкі – ледзь не махляры. Ёсьць мноства вэрсіяў гісторыі – выбірай і вер у тую, якая падабаецца.

Але ж гісторыя – гэта і ёсьць рух часу. І тэза пра тое, што хто ня ведае мінулага, ня мае візіі будучыні, застаецца ў сіле. І калі ў нас са школы няма агульнага бачаньня гісторыі, значыць, мы разам нікуды ня рухаемся. Мы ўжо амаль стаім.

А можа, сьвет і ёсьць – вайна? І калі яе няма, яму таксама прыходзіць канец?..

Так ці інакш, але варта было дачакацца гэтай раніцы 21 сьнежня 2012 году. Хоць бы для таго, каб пабачыць, што ўсё яшчэ канчаткова не спынілася, і пачуць недзе далёка сабачы брэх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG