Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік заклікае не купляць нафтапрадукты зь Беларусі


Ганс Георк Вік

Ганс Георк Вік

Бэрлінская асацыяцыя «Правы чалавека ў Беларусі» выказала ў сваім дакладзе шэраг рэкамэндацый эўрапейскім лідэрам, якія тычацца палітыкі Брусэлю ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.


Сярод іншага там прапануецца Эўразьвязу скараціць або наогул спыніць закупкі нафтапрадуктаў зь Беларусі. Кіраўнік асацыяцыі Ганс-Георг Вік патлумачыў у інтэрвію радыё «Нямецкая хваля», хто больш пацерпіць ад такіх санкцый — рэжым ці насельніцтва:

«Усе пацерпяць. Пакуль санкцыі накладзеныя толькі на фірмы, якімі кіруюць людзі з бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта. Санкцыі замінаюць ім займацца іх больш ці менш цёмнымі справамі. Але рэжым Лукашэнкі субсыдуе Расея льготнымі пастаўкамі нафты. Расея ідзе на льготныя пастаўкі, каб прывязаць Беларусь да сябе. Але ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю абавязвае Расею ўніфікаваць цэны на ўнутраным і зьнешнім рынках. Так што ўжо ў найбліжэйшы час Масква ня зможа выкарыстаць цану на нафту як палітычны рычаг у дачыненьнях зь Менскам».

Адносна закліку байкатаваць Чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску спадар Вік патлумачыў:

«Глядзіце, Лукашэнка — вялікі аматар хакею і актыўны гулец, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах, якія ён жа сам і наладжвае. Для яго першынства сьвету па хакеі — магчымасьць для самасьцьвярджэньня. У гісторыі ёсьць яркія прыклады таго, як дыктатары выкарыстоўвалі спартыўныя сьвяты, каб прадэманстраваць, што ўвесь сьвет перад імі схіляецца. Дастаткова ўспомніць Алімпіяду ў Бэрліне ў 1936 годзе.

Байкот Чэмпіянату сьвету ў Менску балюча ўдарыў бы па Лукашэнку. Людзі ўбачылі б, што ён пазбавіў іх сьвята. Але Міжнародная фэдэрацыя хакею выступае за правядзеньне турніру ў беларускай сталіцы. Пытаньне спрэчнае, яно ня зьнятае з парадку дня».

Ганс-Георг Вік таксама адзначыў, што «за сваё доўгае жыцьцё стаў сьведкам краху многіх аўтарытарных рэжымаў. Аўтарытарныя рэжымы асуджаныя на крах».

Ганс-Георг Вік — адзін з найстарэйшых нямецкіх дыпляматаў і дзяржаўных дзеячаў. Ён узначальваў Фэдэральную выведную службу (BND), быў паслом ФРГ у СССР і сталым прадстаўніком пры NATO. З 1998 да 2001 году ўзначальваў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG