Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка старшыні Менгарвыканкаму судзяць за цёмным шклом


Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, якога абвінавачваюць ў хабарніцтве памерам паўмільёна даляраў. 21 сьнежня ў суд выклікалі сьведак, якіх прадставіў абвінаваўчы бок.



21 сьнежня суд дапытваў у якасьці сьведак адказных супрацоўнікаў Менгарвыканкаму. Сярод іх — адзін былы і двое дзейных супрацоўнікаў выканкаму.

Сьведка Жана Бірыч працуе намесьніцай старшыні Менгарвыканкаму, таксама ўзначальвае інвэстыцыйную камісію. Згадала, што ў траўні 2012 году на паседжаньні камісіі была ўручана прэтэнзія прадстаўніку чэскай фірмы «Эка клін энэрджы АС» адносна таго, што тыя не выконваюць дамову аб пабудове пад Менскам заводу па перапрацоўцы сьмецьця. Прадстаўніка фірмы Ананьнева папярэдзілі, што дамова можа быць скасавана. Аднак становішча з рэалізацыяй дамовы не зьмянілася, і 6 чэрвеня было вырашана спыніць дамову. 14 жніўня пачалася працэдура спыненьня. У лістападзе Менгарвыканкам зьвярнуўся ў пракуратуру, бо чэская фірма не сплаціла штрафы. Рыхтуецца позва ў гаспадарчы суд, а зямельны ўчастак, які горад вылучыў на пабудову завода, вярнулі.

Таксама Жана Бірыч паведаміла, што да яе Ігар Васільеў ніколі не зьвяртаўся з даручэньнем паўплываць на справы з дамовай з чэхамі. Сьведка лічыць, што інвэсткамісія дзейнічала паводле працэдуры, якая была агаворана дамовай, і пацьвердзіла, што Васільеў, як намесьнік старшыні, быў адказны за праект зь фірмай «Эка клін энэрджы АС», бо ён курыраваў камунальную гаспадарку.

Таксама быў дапытаны Сяргей Радаман, які яшчэ некалькі месяцаў таму быў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму. Якраз Сяргей Радаман ў 2011 годзе ўзначальваў камісію Менгарвыканкаму на інвэстыцыях, калі заключалася дамова з чэскай фірмай «Эка клін энэрджы АС». Тады ён замяняў намесьніка старшыні Барысенку, бо той быў хворы. Таксама сьведка сказаў, што заяўка на атрыманьне зямельнага надзелу пад будаўніцтва заводу была ўкладзеная ў парадак дня адпаведнай камісіі загадзя, хаця ня ўсе дакумэнты былі на той момант гатовыя.

Пракурор запытаўся ў сьведкі, ці меў права Васільеў даваць даручэньні паводле інвэстдамовы тым службам, якімі па сваіх службовых абавязках ён не курыруе? Сяргей Радаман сказаў, што такая практыка была, калі намесьнік адказваў за рэалізацыю пэўнага праекту. Высьветлілася, што ад часу падачы заяўкі ад чэскай фірмы на інвэстыцыйную дамову і яе прыняцьця прайшло ўсяго 2 дні. Ці быў нейкі пэўны тэрмін на такія працэдуры? Сяргей Радаман мяркуе, што тады, ў 2011 годзе яго не было. Паводле сьведкі Сяргея Радамана, ад Ігара Васільева ён не атрымліваў просьбаў прысьпешыць разгляд заяўкі на заключэньне дамовы з чэскай фірмай «Эка клін энэрджы АС».

Таксама ў судзе выступіла начальнік юрыдычнага аддзелу Менгарвыканкаму Ірына Усава, адказная за юрыдычную экспэртызу дамовы з чэскім інвэстарам. Паводле яе, экспэртыза паказала, што дамова адпавядае нормам.

Пры гэтым, Ірына Усава паказала, што ў 2011 годзе ужо існаваў пэўны тэрмін для падрыхтоўкі заяўкі на інвэстдамову — месяц.

Суд нейкі час высьвятляў, калі пачала дзейнічаць дамова з чэхамі. У дакумэнце стаіць дата — 31 сакавіка 2011 году. Але ў матэрыялах справы ёсьць відэасюжэт навінаў СТВ, у якім старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька ўрачыста падпісвае дамову з чэхамі 16 сакавіка. Пры гэтым, заяўка на дамову чамусьці падпісаная на дзень пазьней, 17 сакавіка. Як гэта патлумачыць?

Сьведка Ірына Усава памятае, як прысутнічала на ўрачыстасьцях падпісаньня дамовы. Гэта было на 5-ым паверсе, у зале ўрачыстасьцяў. Але адносна дня падзеі сьведка арыентуецца на дамову, бо дакладна не памятае. А ў дамове пазначана 31 сакавіка. Як магло стацца, што на тэлевізію сюжэт патрапіў ужо 16 сакавіка? Ірына Усава не выключае, што прычына — у афішаваньні пэўных дзеяньняў, але дакладна яна ня ведае.

Пра прэфэрэнцыі чэскай фірме, якія былі агавораны ў дамове, начальнік юрыдычнага аддзелу Менгарвыканкаму Ірына Усава сказала, што яны не супярэчылі закону, але патрабавалі эканамічнай прапрацоўкі.

Працэс аднавіцца 22 сьнежня, будуць дапытаны новыя сьведкі. Сёньня сам Ігар Васільеў не задаў ніводнага пытаньня сьведкам.

Працэс над былым першым намесьнікам старшыні Ігарам Васільевым пачаўся 20 сьнежня. Лава падсудных, на якой сядзіць Ігар Васільеў, адгароджана ад залі зацемненым шклом і знаходзіцца ў нішы, што перашкаджае публіцы добра бачыць абвінавачанага.

Паводле пракурора, былы чыноўнік браў грошы за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго службовую кампэтэнцыю — Васільеў меў грашовы інтарэс, калі дапамагаў чэскай фірме «Эка клін энэрджы АС» у пабудове пад Менскам заводу перапрацоўкі сьмецьця. Ігару Васільеву пагражае пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG