Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Не пасьпеў схлынуць ажыятаж, разысьціся кругі па вадзе ад прэзыдэнцкага дэкрэту аб «прыгонным праве» ў дрэваапрацоўчай прамысловасьці, як Лукашэнка ўчыніў новы скандал. Маю на ўвазе гучны рэзананс ад ягонага візыту на ААТ «Камволь», падчас якога ён публічна, перад тэлекамэрамі зволіў дырэктара прадпрыемства, а таксама кіраўніцтва канцэрну «Беллегпрам». Новага дырэктара прэзыдэнт павітаў словамі «Ня зробіш прадпрыемства — сядзеш».

І гэта на тле незвычайнай актыўнасьці, якую апошнім часам разьвіў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка кожны дзень зьяўляецца на інфармацыйным экране, з усіх сілаў дэманструе, як ён спальвае сябе дзеля шчасьця народу.

Усё гэта разам сьведчыць пра тое, што ў краіне нешта адбываецца, пайшлі нейкія вельмі важныя падспудныя працэсы. Яны моцна ўстрывожылі беларускага лідара, паслужылі каталізатарам ягонай актыўнасьці і дзеяньняў, якія відавочна прымаюцца пад узьдзеяньнем моцнага стрэсу. І гэтыя працэсы не зьяўляюцца вялікай таямніцай. Падзеньне даверу насельніцтва да ўлады, нізкі рэйтынг «бацькі народа» сталі прычынай таго, што перад вачыма замільгалі, як далёкія здані, пагрозы страты ўлады.

І Лукашэнка ня стаў шукаць нечага новага, а проста вырашыў вярнуцца ў 1990-я гады, зьвярнуцца да тых мэтадаў, якія тады давалі вялікі эфэкт.
Лукашэнка дзейнічае, відавочна, пад узьдзеяньнем моцнага стрэсу

Тады, у першыя гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі, народу падабалася, што ён езьдзіць па краіне, вучыць, як перабіраць бульбу, вывозіць навоз, дабываць калійную соль, пісаць падручнікі, здымаць кіно. Дае устаноўку хакеістам зборнай. Хоць вялікага эфэкту ад гэтага не было, але стаўленьне большасьці электарату да прэзыдэнта вычэрпвалася папулярным тады слоганам: «Ён жа стараецца». І гэта служыла нібы індульгенцыяй за ўсе правалы.

Таксама ў 1990-я гады Лукашэнка актыўна дэманстраваў вобраз заступніка простага люду ад злых начальнікаў. Тады «народны прэзыдэнт» наладжваў танныя сэансы публічнай лупцоўкі кіраўнікоў рознага ўзроўню, паказальныя арышты, пазбаўленьне пасады і інш. Прафэсія кіраўніка была самай небясьпечнай. Нават больш небясьпечнай, чым статус апазыцыянэра.

Аднак у 2000-я гады сытуацыя памянялася. Пад уплывам шалёных нафтадаляраў, якія хлынулі ў краіну, спажывецкага буму, былі ўнесены карэктывы ў «сацыяльны кантракт» паміж прэзыдэнтам і намэнклятурай. Істотна вырас разрыў паміж заробкам чыноўнікаў і сярэднім заробкам па краіне. З большага, адбылася легалізацыя даходаў намэнклятуры. «Пасадкі» высокіх начальнікаў сталі толькі вынікам унутрыклянавых разборак, а ня спосабам легітымізацыі Лукашэнкі ў вачах народа, як было раней. Замест барацьбы з чынавенскімі катэджамі паўстаў знакаміты пасёлак у Драздах, што немагчыма было ўявіць у 1990-я гады, калі Лукашэнка прэзэнтаваў вобраз «народнага прэзыдэнта».

І вось візыт на «Камволь» паказвае, што цяпер, праз колькі гадоў ён зноў спрабуе аднавіць свой стары вобраз. Але адразу ж узьнікае некалькі праблемаў.
Лукашэнка зноў спрабуе аднавіць свой стары вобраз

Па-першае, раней усе мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі, якія паказалі па тэлевізіі, прэзэнтавалі ў асноўным парадны бок жыцьця краіны. Кіраўнік дзяржавы наведваў перадавыя прадпрыемствы, адкрываў новыя цэхі, газаправоды, лядовыя палацы. І тэлегледачы бачылі, што краіна квітнее, разьвіваецца. А недахопы, якія яны назіралі на свае вочы, можна было прыняць за нейкае выключэньне, лякальны выпадак.

Але апошнім часам сытуацыя перавярнулася. Гледачы бачаць, што на якое прадпрыемства Лукашэнка не прыедзе, там поўны правал, прэзыдэнту даводзіцца прымаць надзвычайныя захады. І калі раней пра тое, што сытуацыя ў эканоміцы дрэнь, ведалі толькі эканамісты, кіраўнікі ды палітызаваная публіка, то цяпер гэта кожны дзень бачыць па тэлевізіі абывацель. Вобраз «моцнай і квітнеючай Беларусі» гэта не ўмацоўвае.

Па-другое, падаецца, што за апошнія гады стаўленьне насельніцтва да Лукашэнкі стала больш рацыянальным і нават прагматычным. Людзі хочуць бачыць не стараньне, не разносы чыноўнікаў, а вынік у выглядзе заробкаў, цэнаў і інш.

Па-трэцяе, вобраз заступніка простага люду ад злых начальнікаў неяк дрэнна стасуецца з «прыгонным правам», якое Лукашэнка ўвёў для гэтых самых людзей.

Разумным быў той філёзаф, які сказаў, што ў адну рэчку нельга ўвайсьці двойчы. У гісторыі і палітыцы «Coming back» рэдка вядзе да станоўчых вынікаў.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG