Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для нарказалежных жанчын гінэколяг — самы страшны доктар


Некалькі дзён таму ў Міжнародным адукацыйным цэнтры адбыўся круглы стол «Доступ жанчын, якія спажываюць наркотыкі, да паслуг у галіне ВІЧ-інфэкцыі, наркалягічнай дапамогі і сацыяльнай падтрымкі». Мерапрыемства арганізавала грамадзкае аб’яднаньне «Пазытыўны рух». Напярэдадні экспэрты правялі адмысловае дасьледаваньне і фокус-групы сярод нарказалежных жанчын.

Найбольш актуальная праблема — сэксуальнае і рэпрадукцыйнае здароўе жанчын, якія ўжываюць наркотыкі і маюць ВІЧ-інфэкцыю.

«Я сяджу ў чарзе да гінэколяга. За мной — жанчыны, „нармальныя“, бяз ВІЧ-статусу. Па чарзе зараз я павінна прайсьці, а ўрач можа выйсьці і сказаць: „Спачатку яны пойдуць, а потым ты“. Бо мая картка ў яе на стале ўжо ляжыць, і яна ведае, што чакаю».

«Я пры родах такога наслухалася… Яны кажуць: «Цяпер табе балюча, а калоцца не балюча было? Калі калолася, пра што думала?» — так апісваюць стаўленьне дактароў удзельніцы фокус-групаў.

Старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня Ганна Любінская: «Акушэр-гінэколяг — вельмі важны доктар для любой жанчыны. Для жанчыны, што ўжывае наркотыкі, у тым ліку. Чаму? Таму што акушэр-гінэколяг разглядае жанчыну як патэнцыйную маці. Усё, што зьвязана з мацярынствам, нагружана яшчэ большым сацыяльным стэрэатыпам: „Маці мусіць быць добрая, правільная“. Для саміх жанчын уласная нарказалежнасьць ня ёсьць перашкодай да нараджэньня дзяцей. Часта гэта нават моцны стымул, каб зьвярнуцца ў наркалягічныя службы і вылечыцца».
Нарказалежнасьць ня ёсьць перашкодай да нараджэньня дзяцей. Часта гэта нават моцны стымул, каб зьвярнуцца ў наркалягічныя службы і вылечыцца

У круглым стале ўдзельнічалі прадстаўнікі МУС, дактары наркалягічных шпіталяў і аддзяленьняў, супрацоўнікі цэнтраў сацыяльнага суправаджэньня і сябры грамадзкіх аб’яднаньняў. «У выніку мы дамовіліся, як можам супольна спрыяць вырашэньню гэтай праблемы, хоць абарона правоў мацярынства — далёка не адзінае, з чым сутыкаюцца нарказалежныя жанчыны», — сказала «Свабодзе» Ганна Любінская.

На пачатак 2012 году ў Беларусі на наркалягічным уліку знаходзяцца больш за 14 тысяч людзей. 18,6% зь іх — жанчыны. Ацэначная лічба спажыўцоў іньекцыйных наркотыкаў — каля 75 тысяч чалавек.

Грамадзкае аб’яднаньне «Пазытыўны рух» прадстаўляе інтарэсы ВІЧ-інфікаваных людзей і аказвае ім інфармацыйную, адукацыйную і псыхалягічную дапамогу. Разам з валянтэрамі ў аб’яднаньні каля 150 супрацоўнікаў.

Інтэрвію ў офісе арганізацыі «Пазытыўны рух» з нагоды Дня барацьбы са СНІДам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG