Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь крыўдзіцца на ЗША і Вялікабрытанію

абноўлена

Будынак МЗС
Будынак МЗС

Афіцыйны Менск абвінаваціў ЗША і Вялікабрытанію ў парушэньні імі міжнародных абавязацельстваў у дачыненьні да Беларусі і нагадаў ім, што яны абяцалі не ўжываць эканамічныя санкцыі за адмову Беларусі ад статусу ядзернай дзяржавы ў 1994 годзе.

Пра гэта прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў «Свабодзе».

У МЗС былі запрошаны прадстаўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі і ЗША ў Беларусі як дзяржаў-удзельніц Мэмарандуму аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі (Будапэшцкі мэмарандум), які зарэгістраваны ў ААН у якасьці міжнароднага пагадненьня.

«Падчас сустрэчы было адзначана, што Вялікабрытанія і ЗША, увёўшы аднабаковыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі, парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы», — адцемілі ў МЗС.

Падчас сустрэчы беларускі бок адзначыў, што Беларусь пакідае за сабой права прыцягваць увагу міжнароднай супольнасьці да факту парушэньня Вялікабрытаніяй і ЗША Будапэшцкага мэмарандуму. Гэта робіцца «з мэтай адмовы гэтых краін ад прымяненьня мераў эканамічнага прымусу ў дачыненьні да Беларусі».

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
На пытаньне, ці будуць прынятыя нейкія меры зь беларускага боку, Андрэй Савіных сказаў:

«Мы проста праінфармавалі, што правялі такія сустрэчы, зьвярнулі іх увагу».

Паводле МЗС, падпісантамі Будапэшцкага мэмарандуму ад 5 сьнежня 1994 года зьяўляюцца зь беларускага боку — прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, з брытанскага боку — прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Джон Мэйджэр, з расейскага боку — прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын, з амэрыканскага боку — прэзыдэнт ЗША Уільям Клінтан.

Аднсона гэтай заявы МЗС прэсавы сакратар амбасады Вялікабрытаніі ў Менску Іна Рамашэўская сказала карэспандэнту «Свабоды»:

«Мы выслухалі і праінфармавалі кіраўніцтва ў Лёндане».

Палітык Вінцук Вячорка: «Сам па сабе факт, што ўлада згадвае Будапэшцкі мэмарандум, ужывае слова „незалежнасьць“, здавалася б, мусіў успрымацца пазытыўна. Але абсалютна відавочна, што асноўная вонкавая пагроза эканамічнай і палітычнай незалежнасьці Беларусі ідзе зусім зь іншага боку, ідзе з усходу. Чым далей, тым болей пуцінская Расея дэманструе свае намеры ўзнавіць геапалітычны кантроль на былой савецкай прасторы, у тым ліку і ў першую чаргу ў Беларусі. А нутраная пагроза беларускай дзяржаўнай незалежнасьці сыходзіць акурат ад цяперашняй улады, якая і стварыла такую сытуацыю. І калі мы пачынаем перабіраць крок за крокам тое, што яна зрабіла дзеля зьнішчэньня рэальнай эканамічнай, палітычнай і культурнай незалежнасьці, то становіцца проста вусьцішна. Натуральна, што ніякія кропкавыя, мэтавыя, абсалютна не маштабныя санкцыі, якія зыходзяць ад ЗША, Вялікабрытаніі, скіраваныя на канкрэтныя фірмы, на канкрэтных людзей, — яны ніякім чынам не скіраваныя супраць беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. Так што гэта падмена паняцьцяў, гэта маніпуляцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG