Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мінакі на плошчы Незалежнасьці пра падзеі двухгадовай даўніны


http://www.svaboda.org/flash_6.10.0.28109.1/MediaPlayer.swfx?cache=

19 сьнежня спаўняецца два гады з таго часу, калі на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася масавая акцыя пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Акцыя была жорстка разагнана сілавымі структурамі. Ці памятаеце, што адбывалася на гэтай плошчы два гады таму? Як ставіцеся цяпер да тых падзей? Гэтыя пытаньні мінакам на плошчы Незалежнасьці задавала Галіна Абакунчык.

Юнак: «Так, памятаю: напачатку быў мітынг, а пасьля ягоны разгон. Ну і ранкам па БТ паказалі, як тут валяліся розныя манціроўкі, бітае шкло і гэтак далей. Я лічу, што лідары, якія тут, на плошчы нешта рабілі, яны не зусім адэкватна дзейнічалі ў пэўных абставінах. Ну, а самі ўдзельнікі — гэта звычайныя людзі, якія прыйшлі, памерзьлі і пайшлі. Міліцыя дзейнічала жорстка, але такая ў яе праца».

Спадарыня: «Я не мянчанка, таму не магу ўзгадаць — пэўна, ішлі галасаваць».

Юнак: «Я там быў, і ведаю, што там было, і вы таксама ведаеце. Там было шмат глупстваў з абодвух бакоў, якое нікому і нічым не дапамагло — мне так падаецца».

Спадар: «Быў вэрхал палітычны. Глупства і з таго, і зь іншага боку. Неарганізаванасьць. Дакладныя дзеяньні толькі з боку міліцыі былі: яны чакалі, былі добра праінфармаваныя. А гэтыя масы, якія гулялі — сумна глядзець было на ўсё гэта і ўсьведамляць».

Юначка: «Так, памятаю. Тут было шмат усяго. І нядобрага. Як я гэта ацэньваю? Дрэнна ацэньваю: нельга гэтак гнабіць народ. Людзі маюць права выказацца і мець сваё меркаваньне. А заганяць народ у кут да кучы, нібыта чараду, нельга. Людзі гэта людзі: і там зьверху людзі, і мы тут таксама людзі — і стаўленьне павінна быць чалавечае».

Спадар: «Памятаю, што быў пратэст і шмат незадавальненьня. Разумныя людзі павінны дамаўляцца, а не такімі сілавымі сродкамі ўсё вырашаць. З чыйго боку была сіла? Д’ябал яго ведае. Усё роўна: у каго ёсьць грошы і ўлада — усё вырашаць у сваім рэчышчы».

Спадарыня: «Чула, што тут было, і думаю, што кожны мусіць выказацца, каб за гэта яму нічога не было. А ня так, што, калі нешта сказаў, то ўжо ўсё… Канечне, хацелася б жыць і не баяцца».
Канечне, хацелася б жыць і не баяцца

Юнак: «Так, крыху памятаю што было: народ ішоў аспрэчваць выбары — няўдала. Ну як расцэньваць — надта шмат у нас сілавых структур, нешта цяжка было вырашыць. Зь іншага боку, і апазыцыйныя сілы, якія былі там, таксама не маглі нічога супрацьпаставіць, бо не было адзінай арганізацыі, магчыма, таму ўсё так».

Юначка: «Так, памятаю. Сама я не была на плошчы, таму ведаю з навінаў. Што я думаю — з аднаго боку добра, што людзі арганізаваліся, каб выказаць сваё меркаваньне, адважыліся на такую форму пратэсту. А зь іншага боку, тое, што адбылося, што прыпісалі гэтым людзям, на маю думку, гэта было падстроена — гэта няпраўда. Людзі хацелі выказаць сваё меркаваньне, а не разьбіць нешта, каб такім шляхам штосьці даказаць. Гэта папросту не характэрна беларусам, на мой погляд».

Спадар: «Ну якія падзеі — натоўп людзей быў. Яны спрабавалі выказацца адносна сытуацыі, якая была на той час у краіне. Ну, а як улада адрэагавала — дык жа вядома, якая ў нас улада — ужо 18 гадоў ацэньваем».
XS
SM
MD
LG