Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Маскве ў Прэзыдэнт-гатэлі адбылася прэзэнтацыя кнігі Станіслава Шушкевіча «Маё жыцьцё. Развал і аднаўленьне СССР». Кніга была падрыхтаваная пры актыўным удзеле блізкіх да экс-прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына асобаў.

Прэзэнтацыя адбылася адразу пасьля канфэрэнцыі, прысьвечанай расейскай Канстытуцыі, з удзелам вядомых навукоўцаў і расейскіх палітыкаў. Імпрэза сабрала каля 50 чалавек. Адкрыў яе былы першы віцэ-прэм'ер Расеі Генадзь Бурбуліс, адзін з тых, хто паставіў свой подпіс пад Белавескімі пагадненьнямі. Радыё Свабода папрасіла Генадзя Бурбуліса сказаць пра тое, як бачыцца яму гістарычная роля Станіслава Шушкевіча.

Генадзь Бурбуліс

Генадзь Бурбуліс

«Я лічу, што Станіслаў Шушкевіч адыграў непаўторную і выбітную ролю ў тыя складаныя, трывожныя, трагічныя дні. Па-першае, ён нас прыняў у Менску, а потым у Белавескай пушчы. Па-другое, ён быў пасьлядоўным і аргумэнтаваным прыхільнікам прыняцьця рашэньня ў гэтай найскладанейшай сытуацыі поўнага каляпсу сыстэмы ўлады і кіраваньня былога СССР. Самая галоўная роля Шушкевіча ў тым, што ён безагаворачна падтрымаў ідэю аб тым, што Беларусь, а ў далейшым Казахстан, павінны ў далейшым адмовіцца ад ядзернай зброі, каб ужо Расея ў рамках сваіх арсэналаў магла прадстаўляць і кіраваць гэтай сьмяротнай сілай. Мы тады змаглі прыняць рашэньні мужныя і мудрыя, і яны дазволілі нам пазьбегнуць кровапралітнай вайны за перадзел савецкай спадчыны і сёньня мы можам падзякаваць Шушкевічу за гэты мудры і мужны ўчынак».

Выступаючы на прэзэнтацыі сваёй кнігі Станіслаў Шушкевіч сказаў, што яна прысьвечаная ня толькі падпісаньню Белавескага пагадненьня, але і іншым эпізодам ягонай біяграфіі – палітычным і ня толькі палітычным. Ён лічыць выданьне такой кнігі важным менавіта цяпер, калі ў Беларусі праўда пра сапраўдную гісторыю замоўчваецца, і, як сказаў Станіслаў Шушкевіч, ён будзе рады, калі хоць у нечым гэтая кніжка наблізіць разуменьне людзей, асабліва моладзі, да гістарычнай праўды.
XS
SM
MD
LG