Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады таму ў краіне адбыліся прэзыдэнцкія выбары. А ўвечары ўлады жорстка разагналі акцыю пратэсту — больш за 600 чалавек былі затрыманыя і апынуліся за кратамі. Сярод іх і 8 з 10-ці кандыдатаў у прэзыдэнты. Больш за паўтысячы чалавек адседзела па 10—15 сутак, каля сарака былі асуджаны на тэрміны ад 3 да 6 гадоў. Дагэтуль за кратамі Мікола Статкевіч, на «хіміі» Павал Севярынец. Як дэмакратычная апазыцыя адзначае другую гадавіну Плошчы?

У першую гадавіну Плошчы актывісты запальвалі сьвечкі каля Чырвонага касьцёлу, было шмат затрыманьняў. Сёлета ніякіх гучных акцыяў не заплянавана.

Аб’яднаная грамадзянская партыя падала 91 заяўку на правядзеньне пікетаў пад лёзунгам: «Скралі выбары, каб прадаць краіну» ў розных гарадах Беларусі. Партыя атрымала больш за 70 адмоваў (матывацыя — «ня выкананы пункт 9 закону аб масавых мерапрыемствах», што тычыцца месца правядзеньня), і ніводнай згоды. Таму вырашана правесьці інфармацыйную кампанію. Як яна праходзіць, апавядае Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Стаім каля Камароўкі, раздаём інфармацыйныя матэрыялы. Тэма — несапраўдныя, фальшывыя выбарчыя кампаніі і прыватызацыя, якая нас чакае ў будучым годзе. У двух дзясятках рэгіёнаў такія акцыі адбываюцца. І гэта ёсьць наша рэагаваньне на адмову (на наш погляд, незаконную) у правядзеньні пікетаў. У любым выпадку, мы дойдзем да яшчэ большай колькасьці жыхароў краіны, чым мы маглі б зрабіць гэта праз камунікацыі на пікетах. Вось сёньня раніцай я асабіста ў 200 паштовых скрынак кінуў улёткі, гэта азначае, што 500 — 700 чалавек пачытаюць нашы матэрыялы. Вось і зараз, нягледзячы на моцны мароз, людзі ахвотна бяруць матэрыялы. Я думаю, для іх гэта важна і цікава».

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімер Някляеў кажа, што другую гадавіну яны не адзначаюць, і тлумачыць, чаму:

«Што да сёньняшняга дня, то ён непераможны. Мы робім тое, што можам. Калі б мы кінулі заклік „Усе людзі — на плошчу зьвяргаць рэжым“, то наўрад ці хто-небудзь прыйшоў. Беларусы прызвычаіліся ўсё рабіць пад нейкую падзею, пад нейкую нагоду, а ня проста так. Таму мы праводзім лякальныя акцыі па рэгіёнах, у сваіх офісах, аналізуем зробленае за 2 гады і думаем пра тое, каб будучыя прэзыдэнцкія выбары 2015 году і будучая Плошча (калі яна, канечне, адбудзецца, бо, можа, яна і не спатрэбіцца) былі больш удалыя, чым гэтыя».

Партыя БНФ таксама ніяк не адзначае другую гадавіну Плошчы, распавёў старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Сапраўды, 19 сьнежня 2010 году — гэта змрочная дата ў гісторыі Беларусі, калі адбыўся вельмі жорсткі разгон пратэставай акцыі, і калі былі зьняволеныя шмат хто з дэмакратычных лідараў. Мікола Статкевіч дагэтуль застаецца за кратамі. Але мы лічым, што важна ўсё ж такі канцэнтравацца на датах, зьвязаных з праявай пэўных дасягненьняў дэмакратычных сілаў. Натуральна, нельга забывацца і на такія змрочныя падзеі, аднак нейкім чынам адмыслова адзначаць менавіта змрочныя падзеі, мы лічым, няма ў гэтым пазытыўнага значэньня».

Крэатыўную моладзь — кіраўніка «Зьмены» Паўла Вінаградава і намесьніка старшыні «Маладога фронту» Міколу Дземідзенку «закрылі» прэвэнтыўна — асудзілі на 5 сутак. Сябраў АГП каля Камароўкі здымаюць на відэа. Узмоцненае патруляваньне і на Плошчы Незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG