Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова ці кава»: курсы для «трасянкамоўных» у Маскве


Кацярына Кібальчыч падчас здыманьня фільму «Кроў з малаком» у Кіргізстане

Кацярына Кібальчыч падчас здыманьня фільму «Кроў з малаком» у Кіргізстане

Сахараўскі цэнтар і «Amnesty International» у чарговую гадавіну Плошчы-2010 зьбіраюць у Маскве праваабаронцаў, журналістаў, відавочцаў брутальнага разгону нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

У ліку запрошаных нямала і маскоўскіх беларусаў. Адна зь іх, рэжысэр-кінадакумэнталіст Кацярына Кібальчыч, падчас імпрэзы маецца абвясьціць аб пачатку праекту «Мова ці кава» — моўных курсах для «трасянкамоўных».

Кацярына Кібальчыч — ляўрэат прэміі «Залатое пяро Расеі-2010» у намінацыі «Спэцыяльны карэспандэнт». Уганараваная за сэрыю рэпартажаў на Першым расейскім канале з «гарачай кропкі», якой у сьнежні 2010 году стала яе радзіма — Беларусь. Яна ж — рэжысэрка неаднаразова адзначанага на міжнародных фэстывалях дакумэнтальнага фільма «Беларуская мара», прысьвечанага выжываньню беларусаў ва ўмовах дыктатуры зь фіналам на ўсё той жа плошчы Незалежнасьці. Цяпер Кацярына бярэцца за новы праект пад двухсэнсоўнай назвай «Мова ці кава»:
Адны пішуць, а паважаная газэта друкуе, што расейскамоўныя беларусы — гэта другі гатунак, а другія рагочуць са слова „пытаньнечка“.

«Я зьвязваю гэты праект зь 19 сьнежня, і гэта невыпадкова. Я добра памятаю тую салідарнасьць, якая была ў першыя месяцы пасьля Плошчы, але зараз як быццам нічога ад таго і не засталося; нават дадаліся перапалкі на нацыянальнай глебе. Адны пішуць, а паважаная газэта друкуе, што расейскамоўныя беларусы — гэта другі гатунак, а другія рагочуць са слова „пытаньнечка“. Ажно хочацца над усім гэтым узьняць белы сьцяг. Чаму я ўвогуле вырашыла рабіць такі праект? Нядаўна чытала апытаньне менскіх студэнтаў: чаму яны не размаўляюць на роднай мове? І там часьцей за ўсё фігуравалі два адказы. Найперш, мы ня ведаем добра мовы, таму размаўляць саромеемся (то бок, ня мовы самой саромеюцца людзі, а саромеюцца дрэнна размаўляць). Другая прычына — проста няма з кім размаўляць. І мне здаецца, што курсы беларускай мовы для трасянкамоўных ці расейскамоўных беларусаў вырашаюць абедзьве гэтыя праблемы».

Першыя заняткі па беларускай мове заплянаваныя на 14 студзеня 2013 году — пасьля традыцыйных у Расеі навагодніх вакацыяў. Кацярына спадзяецца, што нестандартны падыход да справы выкліча розгалас сярод беларусаў, якія з розных прычынаў аселі ў Маскве:

«Вядома, што ня лішнім было б адкрыць такія курсы ў Менску, проста я жыву ў Маскве. Але калі хочаш штосьці добрае зрабіць, то трэба гэта рабіць самому. Таму я раблю ў Маскве. Увогуле, ідэя вельмі простая: зрабіць гэта весела, цікава, каб людзі прыходзілі, вучылі мову не ў звыклай клясе, а ў моднай кавярні. Яшчэ раней я заўважыла, што ў Маскве ёсьць такія курсы ангельскай мовы, нават схадзіла на адзін занятак (гэтакі засланы казачок). Падгледзела, як яны гэта робяць, як там у розныя гульні гуляюць, ёсьць нейкія інтэрактыўныя практыкаваньні. Таму зараз вяду перамовы з выкладчыкамі, бо разумею, што тут некалькі чалавек павінны працаваць. Найперш, мусіць быць прафэсійны лінгвіст, які б прыдумляў і распрацоўваў кантэнт гэтых заняткаў, бо асабіста я ня ведаю такой мэтодыкі, каб навучаць трасянкамоўных беларусаў, ужо дарослых людзей, беларускай мове (магчыма, яна існуе і хтосьці мне нешта падкажа). Але весьці заняткі будзе іншы чалавек, можа нават актор (якраз вяду перамовы з адным акторам), каб усё гэта падавалася, як я ўжо казала, у вясёлай, цікавай форме».

Кацярына Кібальчыч разьлічвае, што нефармальнае аб’яднаньне «Мова ці кава» ў пэрспэктыве стане пляцоўкай, на якой будуць зьбірацца ня толькі «трасянкамоўныя», але і беларускамоўныя беларусы:
Прыходзяць студэнты, прыходзяць людзі дарослыя, але апроч Лукашэнкі, у іх няма агульных тэмаў для размоў. А ў такім разе будзе агульная справа — яны вучаць мову

«Думаю, што для беларускамоўных беларусаў гэта будзе таксама добрая магчымасьць прыходзіць на такія заняткі. Па-першае, каб падзяліцца ўласным досьведам, па-другое, пашырыць свой асяродак. Нядаўна чытала блёг беларускамоўнай дзяўчыны, якая піша, што яна замыкаецца на сваім асяродзьдзі, ёй няма магчымасьці размаўляць па-беларуску і быць сабой у расейскамоўным асяродзьдзі. А тут такая сытуацыя, што беларускамоўныя беларусы апынуцца і будуць адчуваць сябе як рыба ў вадзе. Мы створым старонку на Фэйсбуку, дзе будзем пасьля заняткаў выкладаць матэрыялы з гэтых сустрэчаў, каб людзі, якія ня маюць магчымасьці нас наведваць, змаглі б вучыцца дыстанцыйна. Бо праблема якраз у тым, што людзі сустракацца хочуць. Часам у форумах пішуць: давайце сустрэнемся, пап’ём піва ці кавы. Прыходзяць студэнты, прыходзяць людзі дарослыя. Але, апроч Лукашэнкі, у іх няма агульных тэмаў для размоў. А ў такім разе будзе агульная справа — яны вучаць мову. І для іх гэта вельмі добрая камунікацыя. У Маскве, магчыма, гэта нават лепш пойдзе, чым у Менску, таму што ў людзей ёсьць патрэба зьбірацца. Шмат разоў раней спрабавалі падобныя сустрэчы ладзіць, але з названых прычынаў яны не прыжыліся».

Кацярына кажа, што першай вучаніцай, якая запішацца на курсы «Мова ці кава», будзе яна сама. І хоць сама выдатна валодае роднай мовай, сьціпла адносіць сябе да людзей, якім ў моўным пытаньні яшчэ трэба ўдасканальвацца.

«Гэта будзе цікава, весела і, вядома ж, бясплатна. Мова і кава чакаюць цябе. Далучайся», — такі заклік ужо зьявіўся ў Фэйсбуку на адмысловай старонцы «Мова ці кава» (http://www.facebook.com/MovaCiKava)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG