Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія акторы нагадалі пра беларускіх палітвязьняў


Брытанскія акторы Джаана Ламлі, Рэйф Файнс, Сэм Уэст, Алан Рыкман, Марк Райланс, Цім Райс, Аджоа Андо і Сайман Кэлоў запісалі відэазвароты да кіраўніка брытанскага ўраду Дэйвіда Кэмэрана, у якім гавораць пра цяжкае становішча палітвязьняў, зьняволеных аўтарытарным рэжымам беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, піша брытанская The Guardian.

Гэта ініцыятыва беларускага Свабоднага тэатру ў рамках кампаніі Free Belarus Now да другой гадавіны сфальсыфікаваных выбараў у 2010 годзе, якія працягнулі кіраваньне Лукашэнкі, і калі тысячы мірных дэманстрантаў былі арыштаваныя.

«Улада ня хоча паказаць, што ёсьць нейкія палітычныя зьняволеныя, — кажа Натальля Каляда, сузаснавальніца кампаніі. — Улады выкарыстоўвалі розныя агаворкі, каб патлумачыць арышты, напрыклад, хуліганствам. Сёньня ёсьць яшчэ 14 палітычных зьняволеных у турмах Беларусі, яны і іх сем’і зьяўляюцца закладнікамі апошняй дыктатуры ў Эўропе».

Ціск на Свабодны тэатар усё яшчэ працягваецца ў Беларусі. «Гэта вельмі сьмелая група», кажа даўні прыхільнік Свабоднага тэатру Том Стопард.

У сваім відэазвароце Рэйф Файнс гаворыць пра палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Паўла Севярынца, якія былі зьняволеныя ў 2010 і паводле Міжнароднай амністыі абодва зьяўляюцца вязьнямі сумленьня.



Файнс кажа:

«Сёньня я заклікаю Дэйвіда Кэмэрана, прэм’ер-міністра маёй краіны, выкарыстаць уладу маральнасьці ў палітыцы, парушыць сон сумленьня і заклікаць Аляксандра Лукашэнку, апошняга дыктатара Эўропы, пакласьці канец катаваньням свайго народу і вызваліць усіх палітычных зьняволеных да Новага году».

Нягледзячы на прэсінг, Беларускі Свабодны тэатар працягвае пастаноўкі — зь вялікай асабістай небясьпекай і абавязкова падпольна — у Беларусі. Натальля Каляда і яе муж Мікалай Халезін узначалілі кампанію ў выгнаньні і цяпер жывуць у Вялікабрытаніі. У траўні ў Лёндане ў тэатры Globe у рамках тэатральнага шэкспіраўскага фэстывалю Globe to Globe адбылася прэм’ера «Караля Ліра» ў пастаноўцы беларускага «Свабоднага тэатру». У наступным годзе будуць новыя пастаноўкі — пьеса «Trash Cuisine» пра сьмяротнае пакараньне, прэм’ера якой адбылася нядаўна ў Амстэрдаме, будзе паказана ў прэстыжным лёнданскім тэатры Young Vic.

Том Стопард кажа:

«Дэмакратыі павінны паспрабаваць зрабіць дэмакратыю заразнай», і дадае, што ён быў цалкам захоплены кампаніяй Free Belarus Now: «Яны спрабуюць нагадаць сьвету, што праблема Беларусі ня зьнікла, стала яшчэ горш...»

Год таму быў абнародаваны маніфэст аб свабодзе слова ў Беларусі, які падпісалі сам Том Стопард, кітайскі мастак Ай Вэйвэй, і таксама Вацлаў Гавал, для якога гэта было адным з апошніх грамадзкіх учынкаў.

Ірына Багданава, дырэктар кампаніі Free Belarus Now, гэтак кажа пра новую ініцыятыву:

«Я лічу, што часам тое, што ня могуць зрабіць палітыкі, могуць зрабіць людзі, якіх гэта сапраўды непакоіць. Я магу спадзявацца, што голас мастацкай эліты Вялікабрытаніі дасьць моцны сыгнал ураду і падштурхне палітыкаў да дзеяньняў.

Пасланьні зь іх сэрцаў ня могуць застацца незаўважаным. Я хачу, каб цуд адбыўся і для палітычных зьняволеных, каб яны разам са сваімі блізкімі сьвяткавалі Новы год».
XS
SM
MD
LG