Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія бізнэсоўцы сыходзяць зь беларускага рынку


"Алмі" - апошняя гандлёвая сетка ў Беларусі з удзелам расейскага капіталу

"Алмі" - апошняя гандлёвая сетка ў Беларусі з удзелам расейскага капіталу

Расейскія розьнічныя сеткі згортваюць бізнэс у Беларусі. Асноўная прычына сыходу — слабыя продажы, піша выданьне ej.by --> http://www.ej.by/news/companies/2012/12/17/belorusskie_riteylery_vytesnyayut__rossiyskie_prodovol_stvennye_seti____.html .

Адно з апошніх апірышчаў расейскага розьнічнага харчовага бізнэсу на тэрыторыі Беларусі — дзьве крамы калінінградзкай сеткі «Вестер» — пераходзіць пад кантроль уладальнікаў крамаў «Рублёвский» і «Базар».

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі «Ежедневнику» крыніцы на рынку. Два супэрмаркеты, якія пасьпеў адкрыць у Беларусі да крызісу заснавальнік «Вэстэра» Алег Болычаў, пяройдуць у рукі гаспадароў менскага дыстрыбуцыйна-розьнічнага холдынгу RTL Holding.

Два «Вэстэры» зьявіліся ў Беларусі ў 2008 годзе. Першапачаткова пляны Болычава ў дачыненьні да Беларусі былі значна больш маштабныя. Кампанія заяўляла аб намерах да 2011 году адкрыць 12 аб’ектаў, якія разьмяшчаліся б у Менску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і Горадні. Але пачаўся крызіс, і ў Болычава, і ў «Вестера» ўзьніклі фінансавыя праблемы.

Расейцы, якія спрабавалі з 2005 году наладзіць у Беларусі розьнічны бізнэс у гандлі харчовымі таварамі, канчаткова расчараваліся ў мясцовым рынку. Адны зь іх ужо пазбавіліся ад актываў, іншыя маюць намер гэта зрабіць у найбліжэйшым часе.

Магчыма, ужо ў 2013 годзе ў беларускай харчовай розьніцы не застанецца ніводнай кампаніі з расейскім капіталам, хоць да нядаўняга часу тут спрабавалі рабіць бізнэс чатыры расейскія інвэстары. На гэты момант на рынку засталася толькі адна дандлёвая сетка з удзелам расейскага капіталу — беларуска-расейская сетка «Алмі», якую разьвівае былы ўладальнік «Вікторыі» беларус па паходжаньні Аляксандар Зарыбка.

У 2011 годзе зь Беларусі, прадаўшы брэнд і долю ў кампаніі «ПросторМаркет» самаму багатаму бізнэсоўцу Беларусі Юрыю Чыжу, сышла кампанія «Седьмой континент». У 2012 годзе «Евроопт» купіў у курскага бізнэсоўца Мікалай Грашылава гіпэрмаркет «Лінія», які ён пабудаваў у Гомелі. Грашылаў у свой час таксама выношваў вялікія пляны ў дачыненьні да беларускага рынку: «Лініі» меліся зьявіцца ў трох беларускіх гарадах.

Таксама ў сьнежні 2012 году прадстаўнікі інвэстыцыйнай кампаніі «А1», якая ўваходзіць у «Альфа-групп», абвясьцілі аб выхадзе зь беларускага розьнічнага праекту «Белмаркет».


Камэнтуе старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў, дырэктар сеткі харчовых крамаў у беларуска-расейскім памежжы Віктар Маргелаў:
Гэта пакуль прыватныя выпадкі, якія пакуль не пацьвярджаюць тэндэнцыю

«Калі ўзяць агульную тэндэнцыю, то якраз яна адваротная: яны прыходзяць. У Менску будуюцца 52 буйныя гандлёва-забаўляльныя цэнтры — і пераважна з замежнымі інвэстыцыямі. Тое, што асобна нехта сышоў, некага перакупіў, гэта, як гаворыцца, спадарожныя працэсы. А хто ў „Эўраопта“ заснавальнікі? Літоўская фірма. Сёньня яны настолькі перамяшаліся, што асабліва значэньня ня мае — расейскі ці ірляндзкі, як у „Biggz’а“. Па сутнасьці, як правіла, яны ідуць з адной крыніцы, і вельмі многа слаёў у гэтай праблеме. Гэта пакуль прыватныя выпадкі, якія пакуль не пацьвярджаюць тэндэнцыю».

Карэспандэнт: «Чаму нават стратныя расейскія гіпэрмаркеты купляюць беларускія бізнэсоўцы, як той жа Чыж?»

Маргелаў: «Сёньня захапіць рынак, нават пры цякучых стратах, нашмат выгадней, і заўтра ўсё гэта вернецца — альбо перапрадаць гэта можна нашмат выгадней, альбо зарабіць на манапольным становішчы».

Эканаміст Яўген Прэйгерман адзначае, што дробныя расейскія бізнэсоўцы ўвесь час мелі праблемы ў Беларусі:

«Бо іх тут рознымі шляхамі выцясьнялі. Іх стымулявалі на тое, каб яны бралі ў арэнду некаторыя тэрыторыі, рабілі інфраструктуру, а потым ці не працягвалі кантракты, ці празь нейкія такія „дахі“ таксама дзяржаўныя ці паўдзяржаўныя выпіхвалі. Але ж розьнічныя сеткі — гэта ня проста дробны бізнэс. Звычайна гэта даволі высокага ўзроўню дамоўленасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG