Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ уключаць у міністэрствы і засакрэцяць фінансы


Кіраўніцтва БРСМ будуць уключаць у склад калегіяў шэрагу міністэрстваў. Гэта ўстаноўлена ўказам прэзыдэнта № 559 ад 17 сьнежня 2012 году «Аб некаторых пытаньнях дзяржаўнай падтрымкі грамадзкага аб’яднаньня „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“». Указ афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

«Сябры грамадзкага аб’яднаньня „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“, выбраныя ў яго кіруючыя органы, уключаюцца ў склад калегіяў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны», — сказана ва ўказе, паведамляе БЕЛТА.

Акрамя таго, у дакумэнце гаворыцца, што ў 2013 годзе фінансаваньне расходаў на ўтрыманьне тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ будзе ажыцьцяўляцца за кошт сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў.

Што да агульнага фінансаваньня арганізацыі, то ягоныя аб’ёмы пераводзяцца ў графу «для службовага карыстаньня», то бок фактычна засакрэчваюцца.

Раней 10 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць браць на службу ў КДБ ды іншыя сілавыя структуры паводле рэкамэндацыі БРСМ. «Што да камітэту дзяржбясьпекі, МУС, усіх праваахоўных органаў, мы выйдзем на тое, што патрэбна будзе рэкамэндацыя саюзу моладзі, каб працаваць на гэтай ніве, і таму ў гэтым пляне будзе ўзмацняцца роля моладзевай арганізацыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы зь першым сакратаром ЦК БРСМ Ігарам Бузоўскім.

Паводле афіцыйных крыніцаў, у БРСМ каля паўмільёна сяброў.

У папярэднія гады Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб жаданьні вывесьці БРСМ на самаакупнасьць. Але апошнія рашэньні паказваюць, што фінансаваньне БРСМ наадварот падвышаецца.

Міхал Пашкевіч
Міхал Пашкевіч
Актывіст кампаніі «Гавары праўду», былы кіраўнік моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты» Міхал Пашкевіч заяўляе:

«Ні для каго не сакрэт, што БРСМ „зьядае“ да 90 працэнтаў дзяржаўнага бюджэту на моладзевую палітыку. Сёньняшнюю навіну трэба разглядаць у комплексе з тым, што ў КБД будуць браць толькі сябраў БРСМ.

Тое, што бюджэт БРСМ будзе засакрэчаны, — гэта рэакцыя на тое, што людзі апошнім часам усё больш востра пачалі рэагаваць на крытыку ў незалежных СМІ. У грамадзтва ўзьнікае „пытаньнечка“, куды трацяцца дзяржаўныя грошы.

Ледзь ня кожны другі кіраўнік БРСМ заканчваў альбо крымінальнай справай, альбо зыходам у нябыт. Пасьля Янчэўскага ў БРСМ не было яркіх кіраўнікоў, у іх няма свайго парадку дня. Але яны запатрабаваныя сыстэмай, якую будуе цяпер Лукашэнка».

Сёлета скончылася нашумелая судовая справа супраць аднаго з кіраўнікоў БРСМ. У верасьні 2012 году былы кіраўнік БРСМ, які працаваў намесьнікам старшыні Віцебскага аблвыканкаму, Леанід Кавалёў, атрымаў 6 гадоў калёніі за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG