Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саньнікаў у Times: Вызваліце​ вязьняў апошняга дыктатара Эўропы


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Сёньня ў другую гадавіну Плошчы-2010 брытанская Times надрукавала артыкул экс-кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Андрэя Саньнікава.

Роўна два гады таму я далучыўся да дзясяткаў тысяч маіх паплечнікаў беларусаў у Менску, каб патрабаваць павагі да нашых правоў і, самае галоўнае, нашага права выбіраць сваю ўладу. У той дзень я быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх «выбарах» супраць Аляксандра Лукашэнкі, шырока вядомага як апошні дыктатар Эўропы, піша Андрэй Саньнікаў.

Гэта быў папулярны негвалтоўны рух, такі, як шматлікія іншыя, якія прывялі да скіданьня многіх дэспатаў у гэтым стагодзьдзі, і адказ рэжыму быў хуткі... У найгоршых традыцыях мінулага Эўропы міліцыя атакавала мірных дэманстрантаў. Я быў жорстка зьбіты, сотні людзей былі арыштаваныя, уключна з маёй жонкай і іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Я быў кінуты ў сумна вядомую «амэрыканку» — турму спэцслужбаў, якія ўсё яшчэ называюць сябе КДБ. Міліцыянты разьбілі мне калена, але ахоўнікі адмовілі мне ў лячэньні, мой фізычны стан пагоршыўся, мне рабілі зьневажальныя ператрусы ў марознай камэры. Ціск працягваўся і калі мяне перавозілі з турмы ў турму, каб ізаляваць ад зьнешняга сьвету.

Хоць большасьць дэманстрантаў былі вызваленыя на працягу некалькіх тыдняў, некаторым з нас — у асноўным журналістам, актывістам і апазыцыйным кандыдатам — былі выстаўленыя абвінавачаньні ў падбухторваньні ці ўдзеле ў непарадках... Я быў асуджаны да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня. Але ў красавіку сёлета пасьля 16 месяцаў у турме я быў вызвалены і вымушаны прасіць палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі.

Мая жонка, журналістка Ірына Халіп, атрымала ўмоўна два гады пазбаўленьня волі. Нягледзячы на заявы Лукашэнкі, што яна можа свабодна далучыцца да мяне, міліцыя па-ранейшаму перашкаджае ёй і майму сыну выехаць зь Менску. Для яе дзейнічае камэнданцкая гадзіна, і да яе рэгулярна позна ўначы прыходзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія палохаюць нашага сына.

Беларускія ўлады працягваюць трымаць за кратамі палітычных зьняволеных — праваабаронцу Алеся Бяляцкага, яшчэ аднаго былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, які адбыў ужо два гады з шасьцігадовага тэрміну турэмнага зьняволеньня за ўдзел у пасьлявыбарчай дэманстрацыі, а таксама моладзевага лідэра Зьмітра Дашкевіча. Гэтыя адважныя людзі — толькі некаторыя з 14 палітычных зьняволеных у Беларусі, якія сёньня пакутуюць ад невыносных умоваў за кратамі, піша палітуцекач.

Мяккія санкцыі былі ўведзеныя супраць рэжыму пасьля разгону ў 2010-м, але можна зрабіць яшчэ больш. Цяпер, калі мы адзначаем два гады брутальнага разгону, я заклікаю маіх калегаў-эўрапейцаў зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся вызваленьня вязьняў сумленьня. Сорамна дэмакратычнаму сьвету мець такую жорсткую дыктатуру ў Эўропе. Беларусы заслугоўваюць лепшага, і нам патрэбна ваша дапамога і салідарнасьць, заклікае экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG