Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў: Беларусы апынуліся з цэнамі на газ вышэйшымі, чым у Расеі і Казахстане


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Паводле зьвестак з «Газпраму», расейскі манапаліст паставіць у будучым годзе ў Беларусь 23 мільярды кубамэтраў газу па цане 167,9 даляра за тысячу кубамэтраў, што на даляр даражэй, чым сёлета. Як гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы?

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў: «З аднаго боку, такія цэны — гэта нядрэнна. Бо Ўкраіна дагэтуль купляла газ амаль па 400 даляраў, Польшча — па 450, а мы — па 166. Такім чынам, для нас ніжэйшыя цэны ў параўнаньні зь імі застаюцца, і гэта добра. Але зь іншага боку, унутры самой Расеі цэны на газ яшчэ ніжэй, ў Казахстане таксама ніжэй. Атрымліваецца, што ўнутры эўрапейска-азіяцкай эканамічнай прасторы, дзе адкрытая канкурэнцыя паміж прадпрыемствамі, беларусы апынуліся з цэнамі на газ вышэйшымі, чым у Расеі і Казахстане. Канечне, гэта будзе ўплываць на канкурэнтную здольнасьць нашых вырабаў. А размовы пра тое, што да 2015 году цэны на газ падраўняюцца і стануць аднолькава прыбытковымі, паступова сьцішыліся. Цяпер ідуць размовы пра тое, што роўнапрыбытковыя цэны будуць толькі ад 2020 году. Значыць, Беларусь будзе прайграваць у параўнаньні з Расеяй і Казахстанам.

Вядома, частка энэрганосьбітаў у затратах на нашы вырабы ня вельмі высокая — у межах 11-12%. А калі ўзяць газ, то, можа быць, 4% ў агульнай структуры затрат. Таму, будзе пэўны пройгрыш, але ня вельмі значны.»
XS
SM
MD
LG