Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўторак на аб’яднаньні «КамВоль», якое напярэдадні наведаў кіраўнік дзяржавы і дзе ўчыніў сапраўдны разнос, — праверка за праверкай. Што апавядаюць рабочыя пра стан прадпрыемства, ці сапраўды некалі адзін з буйнейшых у былым Савецкім Саюзе вытворца высакаякасных тканінаў, на якім працавалі каля 7 тысяч чалавек, прыйшоў у такі заняпад?

Да прахадной прыяжджаюць адзін за адным чыноўнікі на «Мэрсэдэсах» і «Вольва» — кіраўніцтва раённай адміністрацыі, «Менскэнэрга», «Цепласеткі», МНС. Паміж сабой абменьваюцца фразамі, кшталту «безадказнасьць». Калі журналісты, што пільнуюць іх на марозе каля прахадной, нешта пытаюцца, хуценька хаваюцца ў машыны, як гэта зрабіў маёр МНС. Затое электрамэханік шостага разраду Рыгор Паўлавіч расказаў:

«Мы фактычна ўжо не абслугоўваем пажарную сыгналізацыю. Кацельня працуе вельмі слабенька, і людзі спрабуюць сагрэцца любымі шляхамі. Гэта акрамя таго, што там маса абсталяваньня, матораў, прасы вялікія, вельмі шмат пылу, які ўжо перасталі прыбіраць. І перасьцярогі вялікія, каб, ня дай Бог, не адбылося тое, што здарылася некалі на заводзе футаралаў».

І хоць некаторыя кажуць, што такі разнос быў учынены на камвольным таму, што кіраўніцтва прыехала нечакана, насамрэч гэта, як кажуць рабочыя, ня так. Прычым, паказалі далёка ня самы горшы цэх, сьцьвярджае працаўнік камбінату:

«Шмат памяшканьняў таксама ў занядбаным стане, але яшчэ горшым, чым гэты ткацкі. У ткацкім яшчэ ж задрапіравалі ўсё. То бок настолькі „ахавы“ стан, гэта трэба ўбачыць!»

Карэспандэнтка: «То бок Лукашэнку паказалі нешта больш-менш прыстойнае, а ёсьць і яшчэ горш?»

Спадар: «Канечне, паказалі, што яны рыхтавалі. Самі не пасьпявалі, сюды ж прыяжджалі зь іншых арганізацыяў — „Зелянбуду“, дарожных службаў, проста „пацёмкінскую вёску“ рыхтавалі».
Вытворчасьць пустая, адзін ткацкі цэх пусты цалкам, там здымалі фільм — зрабілі хакейнае поле

Спадар: «У цэхах за 2 дні да прыезду Лукашэнкі ўключылі ацяпленьне ў батарэях. У ватоўцы прыходзіцца хадзіць, у цэхах тэмпэратуры нават у 12 градусаў ня будзе адназначна. Вытворчасьць пустая, адзін ткацкі цэх пусты цалкам, там здымалі фільм — зрабілі хакейнае поле. У вельмі занядбаным стане кацельня, яна не спраўляецца. Само прадпрыемства ў даўгавой яме».

Каля прахадной гутару з жанчынай, якая прадставілася ІТР — інжынэрна-тэхнічным работнікам:

Карэспандэнтка: «Учора камвольны наведаў Лукашэнка, і паказалі, што такі тут бардак, такі заняпад. Ці праўда гэта?»

«Абсалютная праўда».

Карэспандэнтка: «А колькі зарабляюць вашы жанчыны ў цэхах?»

«Была агучана лічба ў 2 мільёны. Я думаю, што так яно і ёсьць — каля 2 мільёнаў»

Карэспандэнтка: «І не звальняюцца з такімі заробкамі?»

«Я думаю, што гэта яшчэ савецкая загартоўка, хоць 3 капейкі, але працаваць».

Усе, з кім удалося пагаварыць каля прахадной камвольнага, казалі пра частую зьмену кіраўніцтва — Рыгор Паўлавіч, які працуе на камвольным 38 гадоў, перажыў 11 дырэктараў. Вось што кажа ён пра апошняга кіраўніка Сьвятлану Стрыжак, якую ўчора Лукашэнка звольніў:
Яна прыйшла на камбінат, калі ў нас яшчэ не зараблялі і 1 мільёна, адразу ж атрымала аклад у 10 мільёнаў

«Яна прыйшла на камбінат, калі ў нас яшчэ не зараблялі і 1 мільёна, адразу ж атрымала аклад у 10 мільёнаў. Нядаўна кажу ёй: «Сьвятлана Уладзімераўна, вось вы мяне перавялі на аклад у 1 мільён 800 тысяч, а ў вас будзе 20 мільёнаў?» Яна раззлавалася: «Вы будзеце ўказваць, колькі мне атрымліваць?»

Карэспандэнтка: «Сапраўды рабочыя атрымліваюць нават менш за 2 мільёны?»

Спадар: «Так, да 2 мільёнаў. Нават тыя, хто стаіць ля станка, самая аснова вытворчасьці — яны атрымліваюць па 1 мільёне 700 тысяч, да 2 мільёнаў. Нават калі быццам бы павышаюць аклад, скасоўваюць даплаты за шкоднасьць. Тая ж самая праца, тыя ж цэхі, шкоднасьць — усё засталося, але мы забыліся, што такое малако, кефір за шкоднасьць, калі прыйшла Стрыжак».

Карэспандэнтка: «Пасьля ўчорашняга разносу вы верыце, што нешта на камвольным камбінаце зьменіцца? Сёньня тут праверкі, чыноўнікі на «Вольва» і «Мэрсэдэсах»…

Спадар: «Я вам скажу адно, няхай і „бацька“ пачуе: ён дагэтуль займаўся адным спортам. А зараз урэшце пачаў займацца вытворчасьцю. Яму трэба на народ зьвярнуць увагу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG