Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту не ўдалося праз суд аспрэчыць пастаноўку на ўлік ў КДБ


Алег Аксёнаў

Алег Аксёнаў

18 сьнежня Ленінскі раённы суд Магілёва адмовіў актывісту аргкамітэту стварэньня партыі БХД Алегу Аксёнаву ў скарзе на супрацоўнікаў магілёўскай ўправы КДБ, якія вырашылі паставіць актывіста на прафіляктычны ўлік у КДБ.

Аксёнаў: «Пакуль я ня маю на руках пастановы суду — чатырохстаронкавы дакумент я атрымаю заўтра. І адразу ж буду абскарджваць гэтае рашэньне ў Магілёўскім абласным судзе, паколькі сваю пастаноўку на ўлік лічу незаконнай».

Актывіста паставілі на прафіляктычны ўлік нібыта таму, што ён дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Між тым Алег Аксёнаў кажа, што ў сваёй дзейнасьці заўсёды прадстаўляўся як сябра аргкамітэту партыі, якая пакуль не зарэгістраваная Мін’юстам.

Што азначае для свабоды грамадзяніна пастаноўка на прафіляктычны ўлік ў КДБ?

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: «Найперш гэта падстава для абмежаваньня ў выезьдзе за мяжу. Цяпер уведзеныя зьмены ў закон аб парадку выезду і ўезду грамадзян зь Беларусі і ў Беларусь. Адной з падставаў абмежаваньняў на выезд — якраз калі асоба стаіць на прафіляктычным уліку ў МУС ці КДБ. Хаця сама пастаноўка на ўлік аўтаматычна не прыводзіць да абмежаваньня, гэта вырашаецца дадаткова.

Але ёсьць і яшчэ адна непрыемная рэч. Прафіляктычны ўлік прапісаны ў законе аб прафіляктыцы правапарушэньняў. І паводле гэтага закону праводзяцца мерапрыемствы па вывучэньні асобы, ягонага ладу жыцьця, зьбіраюцца характарыстыкі на асобу і нават мерапрыемствы па карэкціроўцы паводзінаў. То бок будуць выклікаць на размовы і гэтак далей. Такім чынам, пэўнае ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё можа ажыцьцяўляцца.

Мяркую, што такога кшталту рэчы абавязкова трэба абскарджваць у судзе. Адносна палітычных актывістаў гэта ёсьць безумоўна палітычным вышукам і прэсінгам, якія ёсьць незаконныя і супярэчаць Канстытуцыі».
XS
SM
MD
LG