Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады паўсюдна адмаўляюць у пікетах да другой гадавіны выбараў


На 17 сьнежня не задаволеная ніводная заяўка на правядзеньне 19 сьнежня ў розных гарадах краіны пікетаў пад агульным лёзунгам «Скаралі выбары, каб прадаваць краіну».

Заяўнік, Аб’яднаная грамадзянская партыя, плянавала прымеркаваць гэтыя акцыі да другой гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 сьнежня 2010 году. 91 заяўку на пікеты падалі актывісты АГП.

Ганна Красуліна з офісу АГП ў Менску: «Адмовы прыйшлі на 63 заяўкі. Гэта дадзеныя на першую палову дня, калі я зьбірала інфармацыю. Астатнія — проста пакуль няма адказу, ані станоўчага, ані адмоўнага. Але падкрэсьлю, што ніводнага станоўчага рашэньня паводле заявак на пікеты няма. Адмовы паводле розных прычын.

З Бабруйску прыйшла адмова на падставе таго, што ў законе аб масавых мерапрыемствах няма слова пікет, а ёсьць толькі пікетаваньне. А слова „пікет“ яны, аказваецца, не разумеюць.

Але на самой справе ў адмовах крэатыву гэтым разам мала, мы нават крыху расчараваныя. У асноўным чыноўнікі проста спасылаюцца на пункт 9 закону і ня кажуць, што менавіта ў месцы, якое мы просім для пікетаваньня, іх не задавальняе. Прычым часьцей за ўсё гэтыя месцы мы бралі са сьпісу, які прапаноўвалі самі прадстаўнікі ўлады падчас нядаўняй кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў.

І як парушэньне закону варта разглядаць тое, што вялікая колькасьць чыноўнікаў не адказала сваечасова».

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна
Паводле Ганны Красулінай, гэтыя адмовы ня спыняць актывістаў АГП у справе інфармаваньня пра вынікі мінулых прэзыдэнцкіх выбараў:

«Пра тое, што два гады таму была разагнаная велізарная дэманстрацыя, якая пратэставала супраць несправядлівых выбараў. І пра тое, што кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч дагэтуль знаходзіцца за кратамі. І галоўнае — што выбары скрадзеныя ня проста, а каб распрадаваць потым краіну, што пагражае сувэрэнітэту, самому існаваньню Баларусі».

Паводле зьвестак з АГП, адмовы пэўных чыноўнікаў будуць заносіцца ў базу дадзеных, каб «потым яны не маглі сказаць, што не датычныя да таго, што адбываецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG