Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітвязьні ўдзячныя Вацлаву Гаўлу


Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

18 сьнежня спаўняецца год зь дня сьмерці былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Адным з апошніх учынкаў вялікага гуманіста былі калядныя віншаванні, якія той накіраваў беларускім палітвязьням.

Гэтыя лісты прыйшлі ўжо пасьля сьмерці Гаўла, яны былі перададзены ня ўсім вязьням, але сталіся моцнай падтрымкай для іх.

Лісты да беларускіх палітвязьняў Вацлаў Гавал напісаў 15 сьнежня мінулага году, за тры дні да сваёй сьмерці. Лісты былі падпісаны «фірменным знакам» Гаўла — сэрцайкам — і сталіся апошнімі тэкстамі вялікага гуманіста.

Гавал выказваў у іх салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі і намер выкарыстоўваць і надалей усе магчымасьці, каб прыцягваць увагу міжнароднай супольнасьці да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі: «Жадаю вам усяго добрага і свабоды вашай краіне», — пісаў ён.

Былы вязень Плошчы Зьміцер Бандарэнка віншавальны ліст Вацлава Гаўла, таксама як і віншаваньне ад Джорджа Буша, асабіста не атрымаў, турэмныя ўлады толькі паведамілі яму, што такія лісты прыйшлі, але аддаць іх ня могуць, бо там ёсьць «шкодная для дзяржавы інфармацыя».

Гэта здарылася пасьля сьмерці Гаўла, кажа Зьміцер Бандарэнка:

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

«Для мяне было вельмі цяжка даведацца, што Гавал памёр, таму што ўплыў Гаўла, уплыў сучаснай чэскай культуры на маё жыцьцё, на дзейнасьць каманды, зь якой я працаваў апошнія гады, вельмі вялікі. Я быў адным зь ініцыятараў Хартыі-97, і безумоўна, што для нас тут узорам была чэская Хартыя-77. Мае сябры Мікалай Халезін, Натальля Каляда некалькі разоў сустракаліся з Гаўлам, я ім вельмі зайздросьціў. На жаль, у маім жыцьці такой сустрэчы не адбылося. Але я чытаў ягоныя кнігі, бачыў спэктаклі па ягоных п’есах. Гэта асоба, сьвятло жыцьця якой будзе яшчэ доўгія гады сьвяціць людзям шмат якіх краін».

Зьміцер Бандарэнка кажа, што такія асобы як Гавал нараджаюцца раз на стагодзьдзе.

Спадар Бандарэнка адзначае, што Гавал думаў пра Беларусь, дапамагаў беларусам, а таксама на міжнародным узроўні шмат рабіў для свабоды ў Беларусі.


Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата на выбарах прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, які дагэтуль застаецца ў турме, кажа, што яе мужу таксама не далі патрымаць у руках каляднае віншаваньне Гаўла. Але Мікола ведае пра гэты ліст, Марына яму пісала пра гэта.

Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

«Гэта было нечакана. Гэта было вельмі моцна. А ўлічваючы тое, што ён літаральна празь некалькі дзён памёр, то гэта было ўжо як пасланьне зь іншага сьвету. Таму яно было сапраўды кранальным і неверагодным па сіле пасылу… Сама асоба гэтага чалавека легендарная. Гэта чалавек, які здолеў зрабіць палітыку прыстойнай, маральнай, які здолеў перамяніць сучасны сьвет. Маштаб ягонай асобы яшчэ будзе і будзе пераацэньвацца… А той ягоны ліст да Міколы тады стаў моцнай падтрымкай, асабліва ўлічваючы абставіны, у якіх гэта адбывалася, а гэта быў пік ціску на Міколу. На той момант ён толькі выйшаў з карцэру».

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Іншаму палітвязьню Алесю Бяляцкаму ўдалося прачытаць каляднае віншаваньне Вацлава Гаўла. Гэта здарылася 6 студзеня 2012 году пасьля сьмерці Гаўла і сьмерці бацькі Алеся Віктара Бяляцкага.

У лісьце да сяброў Бяляцкі назваў допіс з Чэхіі «вялікім суцяшэньнем пасьля нядаўняй страты бацькі»:

«Гэты ліст падтрымкі з подпісам Вацлава Гаўла — зараз самае каштоўнае, што ёсьць са мною тут… Як зьнікаюць вялікія зоркі і сьвятло ад іх ідзе яшчэ доўгія гады, асьвятляючы цемру, так і ліст Вацлава Гаўла да мяне зьявіўся такім жывым промнем ужо пасьля ягонай сьмерці».

Алесь Бяляцкі быў знаёмы з Гаўлам. У 2005 годзе ён сустракаўся зь ім у складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі, якая наведвала Прагу, у 2006-м Бяляцкі атрымаў з рук Вацлава Гаўла прэмію Homo Homini.

Алесь Бяляцкі казаў, што лічыць Гаўла сваім духоўным настаўнікам. З Жодзінскай турмы ў лісьце паплечнікам ён аддаў пашану памяці вялікаму чэху:

«За што я яго паважаў і паважаю — за сапраўдную, не каньюнктурную салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі, зь беларускім народам. Я проста на духоўным узроўні пры сустрэчы адчуваў, што мы зь ім адной крыві. Нягледзячы на тое, што ён быў два тэрміны прэзыдэнтам Чэхіі, улада не сапсавала яго. Я, вядома, паважаў яго за інтэлігентнасьць, за тое, што ён быў сусьветна вядомым пісьменьнікам. І за той стаіцызм, зь якім ён пераносіў рэпрэсіі ў дачыненьні да яго. Ён выступаў за правы чалавека і перасьледаваўся ў значна больш жорсткія часы. Але ў яго была высокая непахісная вера ў тое, што ён мае рацыю і што чэскі народ варты лепшага. На жаль, зь ягонай сьмерцю ў беларусаў, у дэмакратычна настроеных грамадзянаў, на аднаго сябра ў сьвеце стала меней».

XS
SM
MD
LG