Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чыгір: Запалохваньнем эфэктыўнасьці не павысіць


Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір

Чарговыя звальненьні — гэтым разам кіраўнікоў дзяржаўнага канцэрну «Беллегпрам» і вытворчага аб’яднаньня «Камволь» — і апошнія папярэджаньні з боку Аляксандра Лукашэнкі кіраўнікам ураду камэнтуе колішні прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір.

На яго думку, масавыя кадравыя пэртурбацыі ў дзяржаўным сэктары, якія апошнім часам набылі значныя маштабы, дастаткова спрэчныя:

«Я б не сказаў, што яны настолькі абгрунтаваныя. Чалавек працуе, набывае пэўны досьвед, а тут раптам прызначаюць іншага ды, як правіла, зусім зь іншай сфэры. Пакуль той увойдзе ў курс справы, пакуль разьбярэцца, што да чаго, то сытуацыя робіцца яшчэ горшай. Таму, напэўна, ня лепшы варыянт. Натуральна, могуць быць звальненьні, але іх не павінна быць так шмат, як у нас апошнім часам.

Зразумела, у пэўнай ступені можна казаць пра „эфэктыўнасьць“ такіх захадаў — пад страхам жа людзі больш шпарка працуюць, чым бяз страху. Але, як ні круці, вынік будзе ня самы лепшы, таму што людзі працуюць праз запалохваньне. На жаль, у існуючай сыстэме гэта было, ёсьць і, відаць, будзе надалей.

Самае дзіўнае, што ў прынцыпе тыя ж чыноўнікі нешта могуць сказаць у сваё апраўданьне, але казаць ня хочуць. Некалі Багданкевіч казаў, Чыгір казаў, але яны ж за гэта і адышлі. Што крытыкуецца па-сутнасьці — гэта адно. Але калі нешта не па справе — дык трэба ж пра гэта казаць, а ня моўчкі сядзець і канспэктаваць, што прэзыдэнт кажа. Ён таксама можа памыляцца. А што ён нібыта не памыляецца, дык у гэтым немалая „заслуга“ якраз падначаленых. Калі ніхто не супярэчыць, дык яму здаецца, што ён ні ў чым не памыляецца».
XS
SM
MD
LG