Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гонар Гаўла — Дзень кароткіх штаноў


18 сьнежня спаўняецца год з дня сьмерці чэскага драматурга і дысыдэнта, а пазьней першага прэзыдэнта пасьлярэвалюцыйнай Чэхаславаччыны і Чэхіі. У Чэхіі ў памяць аб папулярным палітыку адбудуцца звыклыя і не зусім звыклыя акцыі.

У Тынскай царкве ў Празе абудзецца рэквіем па Вацлаву Гаўлу. У тэатры «На забрадлі», дзе ён працаваў як тэхнік сцэны, а пасьля як драматург, пройдзе вечар успамінаў і адкрыта памятная дошка аўтарства Давіда Чэрнага. У тэатры «Гусь на вяровачцы» будзе адкрытае Сэрца для Вацлава Гаўла - двухмэтровае васковае сэрца, складзенае зь недагарэлых сьвечак, якія людзі запальвалі ў розных месцах у дні разьвітаньня з Гаўлам год таму.

Чэская тэлевізія пакажа прэм’еру дакумэнтальнага фільму «Апошніі адыход Вацлава Гаўла».

Самая арыгінальная памятная акцыя абвешчаная ў сацыяльных сетках — яе ўдзельнікам прапануецца ў памяць аб Гаўлу выйшаўшы раніцай з дому падкасаць калашыны штаноў. «Дзень кароткіх штаноў» мае нагадаць пра тое, як Гавэл у першыя дні свайго прэзыдэнцтва некалькі разоў зьяўляўся на публіцы ў відавочна кароткіх штанах.



Сёньня ў будынку Эўрапарляманту ў Брусэлі на памяць аб Гаўлу загарыцца нэонавае сэрца, а ўвечары ў Празе ў былой царкве Сьвятой Ганны, ператворанай у гаўлаўскі духоўны цэнтар «Праскае скрыжаваньне» адбудзецца адмысловая імша.

Раней сёлета імем Вацлава Гаўла было названае праскае лётнішча Рузыня. На мінулым тыдні там быў урачыста адкрыты габэлен у гонар Гаўла, які быў выраблены на сродкі сусьветных музычных зорак — удзельнікаў гурту U2 Бона і Эджа, а таксама Стынга, Пітэра Гэбрыела і Ёка Она.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG