Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлегледачам і радыёслухачам хутка непатрэбна будзе падчас рэклямных паўзаў зьніжаць узровень гуку сваіх прымачоў. Згодна з папраўкамі і зьмяненьнямі ў некаторыя законы па пытаньнях рэклямы, якія 17 сьнежня ў другім чытаньні прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, эквівалентны ўзровень гуку тэлеперадач і рэклямы павінен стаць абавязковым.

Колькасьць рэклямы на беларускім тэлебачаньні і радыё будзе скарачацца. Гэтак, з 18 да 22 гадзіны яна скароціцца на дзьве хвіліны цягам кожнай гадзіны эфірнага часу.

Папраўкамі да законаў уводзіцца забарона на разьмяшчэньне эратычнай прадукцыі па тэлебачаньні і радыё з 4:00 да 0:00.


Скарачэньне рэклямнага эфіру кампэнсуюцца вышэйшымі расцэнкамі


Прадстаўнікі рэклямных кампаній асьцерагаюцца, што зьмяншэньне рэклямнага эфіру тэлеканалы могуць кампэнсаваць ростам расцэнак. У офісах дзяржаўных тэлекампаній пакуль нічога не камэнтуюць, паколькі мусяць «уважліва вывучыць ўсе новыя пункты».

Тым ня менш, як кажа прадстаўнік аднаго са сталічных рэклямных агенцтваў Рыгор Карэтнікаў, для многіх гэтая навіна стала непрыемным сюрпрызам — папраўкі чакаліся ў найлепшым выпадку ў сярэдзіне наступнага году:

«Досыць нечакана, што гэта здарылася менавіта сёньня. Здавалася, што дэпутаты гэтую справу ня будуць гэтатак апэратыўна вырашаць. Увогуле ішла гаворка, што, магчыма, толькі ў наступным годзе яны за гэта возьмуцца, а тут толькі пасьпелі сабрацца ў новым складзе, і ўжо адразу такія рашэньні прымаюць. Гэта, мякка кажучы, дзіўна. Прынамсі, там крыху іншыя былі праекты. Але ўдар дастаткова адчувальны для ўсіх зацікаўленых бакоў. Таму што ў любым выпадку, калі такое скарачэньне па факце адбудзецца, яно, канечне, дастаткова моцна па нас ударыць. Пытаньне ў тым, на колькі моцна прыбыткі ў тэлеканалаў скароцяцца і наколькі, адпаведна, вырасьце кошт для рэклямадаўцаў. Таму што каналам нічога не застанецца, як кампэнсаваць страты больш высокімі расцэнкамі. То бок, сытуацыя досыць неадназначная».

Са станоўчых пунктаў абноўленага заканадаўства рэклямшчыкі адзначаюць тое, што спрашчаецца працэдура атрыманьня дазволу на разьмяшчэньне рэклямы на аўтамабілях, трамваях і тралейбусах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG