Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Падчас наведваньня Шклоўскага льнозаводу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка працягваў сыпаць пагрозамі: «ня дай бог сарвяце мадэрнізацыю», «калі ня будзе выканана маё патрабаваньне, наракайце самі на сябе», «прыбірайце лішняе». Чым выкліканая такая рыторыка? Наколькі рэальныя абяцаньні падвысіць заробкі да тысячы даляраў у 2015 годзе?

Напярэдадні Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Віцебскдрэў», дзе загадаў «працаваць, як у ваенны час, дзень і ноч». На прадпрыемстве «Магілёўдрэў» ён загадаў браць усё ў «жалезныя рукавіцы, працаваць навыцяжку». Пасьля наведваньня «Барысаўдрэву» быў прыняты дэкрэт, згодна зь якім работнікам забараняецца звальняцца. Чым выклікана такая рыторыка кіраўніка краіны?

Эканаміст Міхал Залескі кажа, што з эканамічнага гледзішча для такіх заяў няма ніякіх падстаў:
Ці лётае Абама па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах? Ці Ангела Мэркель?


«Сытуацыя такая ўжо 20 гадоў. Пакуль мы будзем заставацца часткай Савецкага саюзу, так яно будзе ўсё і ісьці. Не працуюць эканамічныя мэханізмы. Яны ня ўключаны, бо мы жывём у савецкай сацыялістычнай краіне. Яны ўключаны для вузкага кола людзей, для легальных мільянэраў і мільярдэраў. Ці лётае Абама па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах? Ці Ангела Мэркель? Нешта я там іх не назіраю. Дапусьцім, што ён шчыра працуе. Ён выбраў мэтады, не адэкватныя эпосе. Бо палохаць яжоўскімі мэтадамі, у яжовыя рукавіцы браць — нехта напалохаецца, а нехта і не напалохаецца. А зьбярэцца ды ціхенька паедзе ў Расею. І што, ён будзе ў Расеі лавіць і вяртаць?»

Эканаміст Барыс Жаліба: «Гэта ў стылі нашага кіраўніцтва — ціснуць на адміністрацыйныя рычагі. Прымаюць дэкрэты, якія не ўпісваюцца ў рамкі працоўнага кодэксу. Нейкія выключэньні робяць менавіта для дрэваапрацоўкі. Гэта ж ненармальна».

Падчас наведваньня «Віцебскдрэву» чыноўнікі паабяцалі рост заробкаў — да 580 даляраў сёлета ў сьнежні і да тысячы даляраў у сьнежні 2015 году. Наколькі рэальныя гэтыя абяцаньні? Паводле Міхала Залескага, стан эканомікі дазваляе рабіць любы заробак:

«Мы зробім, напрыклад, заробак 2 тысячы даляраў і поўную аплату камунальных паслуг. І нармалёвыя цэны — ад сабекошту на сельскагаспадарчую прадукцыю. І будзем жыць бядней, чым сёньня. Праблема ж ня ў тым, як называецца заробак, а ў тым, якая яго пакупная здольнасьць. А гэтае жангліраваньне лічбамі разьлічана на публіку».

Барыс Жаліба лічыць абяцаньні такога падвышэньня заробкаў нерэальнымі: «У нас няма на сёньня магчымасьці падвышаць на столькі заробак. І нашая практыка даказала гэта. Проста нашы чыноўнікі, прапаганда любяць апэраваць такімі круглымі лічбамі. Яны на розум добра кладуцца. Тысяча даляраў, а чаму не 950 даляраў? Гэта ўсё элемэнты эканамічнай прапаганды. Эканоміка залежная ад замежнай дапамогі, ад зьнешніх пазыкаў. Даўгі трэба ў наступным годзе ўдвая большыя аддаваць. Таму я тут не магу быць аптымістам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG