Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: «Сяджу ў камэры, дзе бачылі прывідаў»


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Наста Палажанка, нявеста палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, расказала «Свабодзе», што Зьмітра ў гарадзенскай турме нядаўна наведаў адвакат.

«Самае галоўнае, што ў яго ў парадку настрой. Ён дастаткова бадзёры і вясёлы, што мяне вельмі абрадавала. Зь нечага цікавага, што ён распавёў — гісторыя пра прывіды. Ён пра гэтую гісторыю і ў апошнім лісьце згадвае. Сутнасьць у тым, што хтосьці, альбо з турэмшчыкаў, альбо з арыштантаў, ён ня ўказвае, у яго запытаўся, ці ня бачыць ён прывідаў у сваёй камэры. Ён адказаў, што ня бачыў. На гэта яму расказалі, што ўсе, хто сядзеў да яго ў гэтай камэры, скардзіліся на прысутнасьць там прывідаў. І ён цяпер жартуе, што яго, відаць, пасадзілі адмыслова ў гэтую камэру для наладжваньня сувязі зь іншым сьветам. Жартуе, што, відаць, мала яшчэ адсядзеў, бо сувязь не наладжваецца».

Наста Палажанка мяркуе, што скаргі на прывідаў, якія гучалі ад былых вязьняў, можна патлумачыць дрэннымі ўмовамі менавіта ў гэтай камэры. «Вялікая вільгаць, холад, вось людзі і прыдумляюць прывідаў, каб перавесьціся ў лепшую камэру». Што да Зьмітра Дашкевіча, паводле Насты Палажанкі, ён дэманструе вялікую маральную моц і ня скардзіцца ані на ўмовы, ані на «прыдуманых прывідаў».

Павал Севярынец

Павал Севярынец

Ліст ад Зьмітра Дашкевіча атрымаў і «хімік» Павал Севярынец, які адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну:

«Атрымаў ліст ад Дашкевіча. Піша, што ў Гародні значна больш цывілізаваныя вартаўнікі, чым там, дзе ён быў дагэтуль. Гародня — гэта цывілізацыя, робіць ён выснову. Мне здаецца, што ў Гародні да яго ставяцца больш асьцярожна і больш паважліва, чым у Мазыры».

Пра сябе Павал Севярынец паведаміў, што працягвае працаваць на складзе запчастак. Спэцкамэндатура ў Купліне пакуль не зачыняецца. У вартаўнікоў зараз пачынаюцца «гарачыя дзянькі» — змаганьне з тымі «хімікамі», якія любяць выпіць і прыносяць у інтэрнат алькаголь, што забаронена.

Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Марына Лобава апавяла, што ўжо болей за два тыдні не было лістоў і званкоў ад яе сына Эдуарда Лобава, якога судзілі па адной справе са Зьмітром Дашкевічам. Эдуард Лобаў адбывае 4 гады ў Івацэвіцкай калёніі нібыта за хуліганства. Праваабаронцы ў Беларусі перакананыя, што супраць Дашкевіча і Лобава спэцслужбы арганізавалі правакацыю, каб ізаляваць іх напярэдадні выбараў.
XS
SM
MD
LG