Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам: тупік ці паўза?


Фрагмэнт перадачы «Экспэртыза Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:37 0:00

Фрагмэнт перадачы

Кіраўніца дыпляматычнага прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора ў інтэрвію агенцтву Інтэрфакс-Захад выказала бачаньне адносін паміж Менскам і Брусэлем. Чаму не вырашаецца візавае пытаньне? Ці стане Ўладзімер Макей уязным у краіны Эўропы? Чаму лорд Бэл ня змог палепшыць імідж Беларусі?

Удзельнікі: аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.


Чаму не вырашаецца візавае пытаньне?


Валер Карбалевіч: «З інтэрвію кіраўніцы дыпляматычнага прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры вынікае, што дачыненьні паміж Менскам і Брусэлем дрэнныя і нейкіх пэрспэктыў іх паляпшэньня ня бачна.

Спэцыялісты па вырашэньні канфліктаў, у тым ліку міжнародных, кажуць, што калі не ўдаецца вырашыць супярэчнасьці прынцыповага характару, то трэба пачынаць з дробных пытаньняў, у вырашэньні якіх зацікаўленыя абодва бакі. Вось у беларуска-эўрапейскіх адносінах такое пытаньне — візавая праблема. Здавалася б, у спрашчэньні візавых працэдур інтарэсы бакоў павінны супадаць. Аднак Беларусь не адказвае на прапановы ЭЗ аб перамовах на гэтую тэму і тармозіць рэалізацыю пагадненьняў аб спрашчэньні памежнага руху зь Літвой і Польшчай. Чым вы гэта патлумачыце?»

Андрэй Елісееў: «Сапраўды, Беларусь афіцыйна выступае за спрашчэньне візавага рэжыму з ЭЗ, але рэальна не сьпяшаецца вырашыць гэтае пытаньне. Таму ёсьць тры прычыны.

Па-першае, палітычна-псыхалягічны чыньнік. Агульны фон напружаных адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ не спрыяе вырашэньню гэтага пытаньні. ЭЗ у сваёй палітыцы адносна Беларусі праводзіць двухтрэкавую лінію. З аднаго боку, гэта ізаляцыя ўладаў, замарозка кантактаў на высокім узроўні. З другога боку, пашырэньне міжчалавечых кантактаў паміж грамадзянамі. І калі Менск пойдзе на спрашчэньне візавага рэжыму з ЭЗ, то, як лічыць беларускае кіраўніцтва, згуляе па правілах Эўразьвязу, зьмірыцца з сваёй ізаляцыяй.

Па-другое, ЭЗ увязвае пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму з пытаньнем аб рэадмісіі. Калі рэадмісія (то бок вяртаньне назад) сваіх уласных грамадзян не выклікае асаблівых пярэчаньняў (гэта прынцып звычайнага міжнароднага права), то рэадмісія грамадзян трэціх краін, якія нелегальна празь Беларусь праніклі ў краіны ЭЗ, выклікае пытаньне ў афіцыйнага Менску. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Савіных неяк заявіў, што ў выніку падпісаньня пагадненьня з ЭЗ аб рэадмісіі на тэрыторыі Беларусі могуць апынуцца тысячы і нават дзясяткі тысяч мігрантаў з трэціх краін.
Сярод беларускіх грамадзян, якія наведалі краіны ЭЗ, больш прыхільнікаў праэўрапейскага палітычнага курсу. А гэтага ўлада ня хоча


Паводле дасьледаваньняў нашага інстытуту, гэтая лічба перабольшаная. Гаворка можа ісьці пра некалькі соцень ці дзясяткаў замежных мігрантаў. Тым ня менш гэты чыньнік выкарыстоўваецца як зачэпка, каб не вырашаць гэтага пытаньня.

Па-трэцяе, унутрыпалітычныя прычыны. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што сярод беларускіх грамадзян, якія наведалі краіны ЭЗ, больш прыхільнікаў праэўрапейскага палітычнага курсу. А гэтага ўлада ня хоча».

Каміль Клысінскі: «Ёсьць яшчэ адна прычына — эканамічная. Беларускія грамадзяне, якія маюць візы, масава едуць закупляцца рознымі таварамі ў Вільню, Беласток. Бо там тавары таньнейшыя і больш якасныя. Беларускія ўлады баяцца, што спрашчэньне візавага рэжыму прывядзе да яшчэ большага імпарту тавараў зь літоўскіх і польскіх крам.

Зьвярніце ўвагу: толькі Латвія мае рэалізаваную дамову аб малым памежным руху зь Беларусьсю. На беларуска-латвійскай мяжы няма вялікіх гарадоў, таму памежны рух ахоплівае невялікую колькасьць насельніцтва і не ўплывае моцна на плацёжны балянс паміж краінамі».


Ці стане Ўладзімер Макей уязным у краіны ЭЗ?


Карбалевіч: «Спадарыня Мора ў інтэрвію зрабіла намёк, што ў адносінах да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, які знаходзіцца ў сьпісе неўязных у ЭЗ, Брусэль можа зрабіць выключэньне. Гэта нейкі маленькі жэст добрай волі, прапанова кампрамісу ці што?»

Елісееў: «Традыцыйна ЭЗ нават у стасунках з тымі краінамі, адносна якіх уведзеныя візавыя санкцыі, на міністра замежных спраў іх не распаўсюджвае. Каб быў легітымны канал камунікацый.

На нядаўнім паседжаньні Рады ЭЗ пытаньне аб Макею магло быць вырашана. Але па гэтым пытаньні ўзьніклі рознагалосьсі паміж краінамі Эўразьвязу. Думаю, на адным з бліжэйшых паседжаньняў Рады ЭЗ гэтае пытаньне будзе вырашана».
Выключэньне Макея не павінна быць авансам. Бо існуе дрэнны ўрок авансаў з боку ЭЗ, які быў атрыманы ў сьнежні 2010 году


Клысінскі: «Па прыродзе сваёй функцыі кіраўнік МЗС, нават пры тых напружаных адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю, павінен быць уязным у Эўропу. Макей апынуўся ў „чорным сьпісе“ ў той момант, калі быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта.

Але ў ЭЗ лічаць, што калі ўжо Макей апынуўся ў гэтым сьпісе, то ягонае выключэньне не павінна быць авансам. Бо існуе дрэнны ўрок авансаў з боку ЭЗ, які быў атрыманы ў сьнежні 2010 году. Словы Моры — гэта сыгнал, што магчымасьць ёсьць, але мяч на баку Менску. ЭЗ чакае, што беларускія ўлады зробяць жэст добрай волі, і ў адказ на яго ЭЗ дазволіць Макею ўезд у краіны Эўразьвязу».


Чаму лорд Бэл ня змог палепшыць імідж Беларусі?


Карбалевіч: «У „Фэйсбуку“ зьявілася справаздача кампаніі „Чайм Кам’юнікэйшнз“ лорда Бэла зь Вялікай Брытаніі трохгадовай даўніны аб працы па паляпшэньні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. І цяпер у Беларусі над іміджам краіны працуюць нейкія замежныя кампаніі, якія прапануюць брэнд Менску і інш. Ці могуць даць плён такія высілкі? І пра што сьведчыць досьвед працы лорда Бэла?»

Клысінскі: «Калі гэтая справаздача сапраўдная, то парады, якія даваў Бэл беларускім уладам, слушныя і сьведчаць пра тое, што ў камандзе лорда працуюць прафэсіяналы. Аднак ніякі прафэсіянал не даможацца посьпеху, калі краінай кіруе, мякка кажучы, эмацыйны чалавек, які прымае рашэньні не на падставе парадаў прафэсіяналаў, увогуле не на рацыянальных асновах. Цяпер усю працу па паляпшэньні міжнароднага іміджу Беларусі трэба пачынаць з нуля ці ўвогуле з адмоўнай велічыні. І праца любых замежных прафэсіяналаў па гэтым пытаньні зьвязаная з такой рызыкай».

Елісееў: «Немагчыма дасягнуць паляпшэньня іміджу краіны без рэалізацыі афіцыйным Менскам рэальных крокаў у пэўным кірунку. Вось Бэл прапанаваў вызваліць палітычных вязьняў. І гэтая парада яшчэ больш актуальная цяпер. Без такіх рэальных крокаў немагчыма маніпуляваць замежнымі прафэсіяналамі. Але я б ня ўвязваў гэты досьвед лорда Бэла з працай па стварэньні рэгіянальных брэндаў Беларусі, якую цяпер праводзіць Міністэрства спорту і турызму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG