Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бонус алькаголіку — бясплатнае кадзіраваньне


Улады ня бачаць іншага спосабу супрацьстаяць імклівай алькагалізацыі насельніцтва, як толькі раз-пораз абвяшчаць «разгрузачныя дні».

15 сьнежня — якраз адзін з такіх. Апошнім часам прапануюцца і бонусы — на даважку да забароны на продаж алькаголю ў крамах залежныя ад гэтай шкоднай звычкі могуць бясплатна закадзіравацца. Паводле афіцыйных дадзеных, больш за 1 мільён беларусаў злоўжываюць алькагольнымі напоямі, з гэтай колькасьці амаль 200 тысяч стаяць на наркалягічным уліку.

15 сьнежня ў Менску абвешчаны днём без алькаголю: гандлёвыя пункты на загад Менгарвыканкаму ўводзяць мараторый на рэалізацыю ня толькі моцных, але і слабаалькагольных напояў, уключна зь півам. Гэта адно зь мерапрыемстваў агульнанацыянальнай акцыі «Прафіляктыка і ты», якая стартавала днём раней. Гэтым разам ініцыятыва цалкам дзяржаўная і паходзіць ад шэрагу міністэрстваў — аховы здароўя, унутраных спраў, культуры, працы і сацыяльнай абароны, спорту і турызму. Пра некаторыя навацыі антыалькагольнай кампаніі — начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей:

«Арганізацыямі аховы здароўя будзе прапаноўвацца бясплатнае кадзіраваньне ад алькагольнай залежнасьці. Будуць праводзіцца паседжаньні радаў грамадзкіх пунктаў аховы парадку ў мэтах разгляду фактаў зьдзяйсьненьня правапарушэньняў грамадзянамі, у першую чаргу — у алькагольным ап’яненьні. Будуць распаўсюджвацца інфармацыйныя матэрыялы пра неабходнасьць весьці здаровы лад жыцьця і недапушчальнасьць супрацьпраўных паводзінаў. Вядома ж, будзе выступленьне творчых калектываў. Усё гэта дасьць магчымасьць чалавеку задумацца, як ён жыве цяпер, і зрабіць з гэтага адпаведныя высновы».

Як за савецкім часам, на прадпрыемствы і ў працоўныя калектывы наведаюцца лепшыя прадстаўнікі непітушчай часткі грамадзтва зь ліку духавенства, творчай інтэлігенцыі, спартоўцаў. У кампаніі лекараў-нарколягаў яны будуць прапагандаваць здаровы лад жыцьця ды ганьбіць асацыяльныя паводзіны слабахарактарных п’яніцаў. Дарэчы, апошніх пэрспэктыва нават кароткачасовага ўстрыманьня зусім ня цешыць. Дасьведчаныя ў гэтай справе асобы, якіх можна пазнаць па характэрным колеры твару, згадваюць, да чаго прыводзілі ўсе ранейшыя забароны, і клопат дзяржавы яўна ня цэняць:
Я думаю, наадварот усё выйдзе, нічога гэта ня вырашыць. А дзяржава яшчэ і прыбыткі ў бюджэт страціць. Навошта? Хай п’юць людзі!


«Пра што вы кажаце? Пачнуць піць сурагаты, пачнуць гнаць самагонку. Таму я думаю, што ніякага толку ня будзе. Ужо было пры Гарбачову, калі забаранялі, няўжо нічому не навучыліся? Ці вы думаеце, што калі забароняць, людзі піць ня будуць? Будуць піць штосьці іншае. Пачнуць піць адэкалёны, як за Саюзам, а бабкі зноў будуць гнаць самагонку. Ці яшчэ мудрэй: дзесьці пачнуць скупляць па знаёмстве (калі, вядома, у крамах на склад будзе нешта паступаць), дык будуць скупляць таньней, а прадаваць даражэй. Усё як і раней было, вы ж памятаеце. Я думаю, наадварот усё выйдзе, нічога гэта ня вырашыць. А дзяржава яшчэ і прыбыткі ў бюджэт страціць. Навошта? Хай п’юць людзі!»

Але піць далей такімі тэмпамі папросту небясьпечна. Згодна з нормамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, крытычны для краіны ўзровень спажываньня алькаголю складае 8 літраў на чалавека ў год. Вышэйшы паказьнік вядзе да непазьбежнай дэградацыі насельніцтва. У Беларусі гэтыя лічбы ўжо перавышаюць 13 літраў, хоць ёсьць і іншыя рэкардсмэны: украінцы выпіваюць больш за 15 літраў, расейцы — амаль 16 літраў, малдаване — звыш 18 літраў. Сярэдні ўзровень выпітага алькаголю ў сьвеце складае 6 літраў на чалавека — дзякуючы перадусім непітушчаму арабскаму сьвету.

Алькагольная мапа сьвету




У шэрагу краінаў, дзе алькаголь спажываюць празьмерна, з навалай змагаюцца ня толькі высокімі коштамі, але і продажам яго толькі ў адмысловых крамах. Ці ўратуе такая мера Беларусь?

Зьміцер Дайнэка — адзін з кіраўнікоў прадпрыемства «БелПі», якое спэцыялізуецца на выпуску настояў «Крамбамбуля»: «Безумоўна, у нас зараз цэны вельмі нізкія на алькаголь. Але спрабаваць даводзіць іх да ўзроўню, скажам, скандынаўскіх краінаў — гэта папросту нерэальна. Тады людзі будуць піць, як яшчэ кажуць, усё, што гарыць. Можа і такое атрымацца. Таму тут неабходны тонкі балянс. На маё меркаваньне, п’янства — праблема больш сацыяльная. Трэба, каб, нягледзячы на кошт, у чалавека нешта яшчэ ў галаве працавала. Каб ён разумеў, што заўтра яму трэба выйсьці на працу, каб ён думаў пра сваю сям’ю. Вось гэта галоўнае. Зараз жа, я бачу, ёсьць сытуацыі, калі, прыкладам, бацькоў, якія злоўжываюць, прымусова ўладкоўваюць на прадпрыемствы. І кіраўнік прадпрыемства ня можа звольніць такога чалавека, бо ён мусіць тут „ачалавечвацца“. Вось гэта ненармальная сытуацыя. Наадварот, чалавек мусіць думаць: ці можна яму столькі выпіць, бо калі заўтра ў такім стане ён прыйдзе на працу, можа яе страціць? Такога ў нас пакуль што няма, і гэта, у прынцыпе, дрэнна».



На думку экспэртаў, прафіляктычная кампанія супраць п’янства носіць нерэгулярны характар, бо з продажу алькаголю казна мае ўстойлівы прыбытак. Так, кожнае паўгодзьдзе ад рэалізацыі моцных напояў і піва дзяржава атрымлівае 1 мільярд даляраў толькі ў выглядзе падаткаў. Аднак трывожныя лічбы наконт алькагалізацыі насельніцтва прымусілі ўлады шырокім фронтам выступіць супраць вытворчасьці ардынарных вінаў — так званага «чарніла». Ад 1 студзеня 2013 году гэты сымбаль п’янства, які захаваўся яшчэ з савецкіх часоў, будзе цалкам зьліквідаваны. На зьмену запатрабаванаму прадукту прыйдзе пладова-ягаднае віно «палепшанай якасьці». Аднак вытворцы лічаць, што татальная ліквідацыя «чарніла» як клясы можа толькі павялічыць статыстыку сумных наступстваў: страціўшы даступны прадукт, многія пяройдуць на небясьпечныя замяняльнікі.

Начальнік аддзелу збыту Слонімскага вінаробнага заводу Васіль Кавалёў: «Ды справа, можа, нават ня столькі ў шоку, хоць і гэта таксама мае месца, безумоўна. Але зразумела, што нашы людзі пры любым раскладзе будуць шукаць, што выпіць, і шукаць — што таньней. Тым самым мы ўскосна актывізуем продаж розных „максімак“, нелегальнай гарэлкі з-пад крыса ў гандлі, растваральнікаў і таму падобнага, што некалі ўжо было. На сёньняшні дзень у нас гэтага, на шчасьце, пакуль няма, але калі паглядзець на Расею, то ў іх там нелегальны абарот алькаголю, нават па афіцыйных дадзеных, складае ледзьве не 60% ад усяго аб’ёму. Іншымі словамі, увёўшы забарону на вытворчасьць запатрабаванага прадукту, мы самі сабе створым складанасьці, бо ён усё роўна нечым заменіцца. Гэта ж усё відавочна: калі б ён ня быў запатрабаваны, яго б ніхто не вырабляў. А паколькі ён запатрабаваны, то яго робяць. Ну, пяройдуць людзі з аднаго на іншае. Таму нічога не памяняе гэта, кардынальна сытуацыю не палепшыць».

Беларусь разам з краінамі Балтыі, Расеяй і Малдовай уваходзіць у так званы «гарэлкавы пояс», дзе спажываньне саракаградуснай у агульным аб’ёме алькагольнай прадукцыі складае прыблізна палову. Да 40% прыпадае на віны, уключна з пладова-ягаднымі, а таксама піва. На долю вінаградных вінаў застаецца меней за 5%.
XS
SM
MD
LG