Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў: Паклічуць на камісію па датэрміновым вызваленьні ў чацьвер


Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў

Палітвязень Васіль Парфянкоў паведаміў бацькам пра выклік на камісію па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

14 сьнежня бацькі Васіля Парфянкова атрымалі ад яго ліст. У ім палітвязень паведаміў, што яго паклічуць на камісію, якая вырашае пытаньні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Васіль Парфянкоў напісаў, што паседжаньне камісіі адбудзецца ў чацьвер.

Бацька вязьня Пётар Парфянкоў: «Сёньня прыйшоў ліст. Напісаў, што ў чацьвер паклічуць на камісію па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Але які чацьвер, не пазначыў. Мяркую, маецца на ўвазе наступны чацьвер. Бо калі гаворка ішла пра мінулы, то мог бы выйсьці і ўжо вярнуцца дамоў, але яго няма. Ня ведаю. Ці адмовілі ўжо? Ня ведаю. Працягваем чакаць».

У арыштным доме ў Баранавічах, дзе ўтрымліваюць Васіля Парфянкова, адмовіліся паведамляць праз тэлефон любыя зьвесткі пра арыштантаў.

Васіль Парфянкоў у жніўні асуджаны на 6 месяцаў знаходжаньня ў арыштным доме за парушэньне правілаў адбыцьця хатняга прафіляктычнага нагляду. Гэты нагляд быў накладзены на ўдзельніка Плошчы Васіля Парфянкова за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі. 9 сьнежня споўнілася 4 месяцы, як Васіль Парфянкоў у арыштным доме. Паводле закону пасьля адбыцьця дзьвюх трацін тэрміну вязень, які ня мае спагнаньняў за парушэньні дысцыпліны, можа разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG