Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік забойства Паліткоўскай атрымаў 11 гадоў турмы


Кветкі ля дома Паліткоўскай

Кветкі ля дома Паліткоўскай

Маскоўскі гарадзкі суд сёньня прысудзіў да 11 гадоў зьняволеньня былога міліцыянта Дзьмітрыя Паўлючэнкава за саўдзел у забойстве аглядальніцы «Новой газеты» Ганны Паліткоўскай. Паўлючэнкаў таксама абавязаны судом выплаціць у якасьці маральнай кампэнсацыі сям’і Паліткоўскай 3 мільёны рублёў.

Справа Дзьмітрыя Паўлючэнкава разглядалася ў спэцыяльным парадку, паколькі ён пагадзіўся на супрацоўніцтва са сьледзтвам і прызнаў віну. Аглядальнік «Новой газеты» Ганна Паліткоўская была забітая 7 кастрычніка 2006 года ў пад’езьдзе свайго дома на Лясной вуліцы ў Маскве.

Дзьмітры Паўлючэнкаў

Дзьмітры Паўлючэнкаў



Паводле сьледзтва, нехта Гайтукаеў летам 2006 году на замову нявыяўленай асобы за ўзнагароджаньне арганізаваў злачынную групу з мэтай забойства Паліткоўскай. У склад групы ўвайшлі яго знаёмыя: кіраўнік апэратыўнага падразьдзяленьня ГУУС Масквы Дзьмітрый Паўлючэнкаў, былы апэратыўны супрацоўнік міліцыі Сяргей Хаджыкурбанаў і трое братоў Махмудавых.

У якасьці ўзнагароды ўдзельнікам злачыннай групы Гайтукаеў перадаў Паўлючэнкаву 150 тысяч даляраў. Паўлючэнкаў, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, наладзіў сакрэтнае сачэньне за Паліткоўскай, каб выявіць яе месцазнаходжаньне, распарадак дня і маршруты перамяшчэньня. Паўлючэнкаў таксама набыў пісталет з глушыльнікам і перадаў яго выканаўцу забойства. Паліткоўская была забітая пяцьцю стрэламі.

Паводле рашэньня судзьдзі Аляксандра Замашнюка, адбываць пакараньне Паўлючэнкаў будзе ў калёніі строгага рэжыму. Тэрмін будзе залічвацца ад 23 жніўня 2011 года. Гэта азначае, што ў калёніі падсудны правядзе 9 гадоў і 8 месяцаў. Ужо праз 6 гадоў ён зможа падаць прашэньне аб ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Расьсьледаваньне адносна астатніх фігурантаў справы таксама завершанае, цяпер яны знаёмяцца з матэрыяламі справы. Крымінальная справа ў дачыненьні да заказчыкаў выдзеленая ў асобную вытворчасьць.
XS
SM
MD
LG