Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўмольна надыходзіць сьвяточны пэрыяд, у якім чалавеку выпадае быць радасным і аптымістычным, хоць бы для адводу вачэй іншых.

Але ці магчыма насамрэч быць радасным і аптымістычным два або тры тыдні запар, не паглыбляючыся ў роспач і адчуваньне глыбіннай безнадзейнасьці навакольнага сьвету? Асабліва калі ўзяць пад увагу, што некаторым на гэтым сьвеце даводзіцца перажыць два наборы Калядаў і Новага Году у дадатак да прэзыдэнцкага навагодняга віншаваньня «жэншчынам» і іншым?

Брытанскі журналіст Олівэр Бэркман у нядаўна апублікаванай кніжцы пад красамоўным загалоўкам «Антыдот: Шчасьце для людзей, якія не пераносяць пазытыўнага мысьленьня» пераконвае, што згаданае шчасьце можа даць чалавеку ня толькі «пазытыўнае мысьленьне», калі ён думае пра сябе і сваю будучыню з аптымізмам, але і «нэгатыўнае мысьленьне», то бок, калі ён думае, што яму нічога радаснага на гэтым сьвеце, так бы мовіць, ня сьвеціць.

У сувязі з гэтым асэнсавана пэсымістычным падыходам да жыцьця Бэркман прыгадвае рымскага філёзафа-стоіка Сэнэку, які раіў усім, хто баяўся страціць сваё багацьце, патрэніравацца ў «нэгатыўным мысьленьні» і ўзмоцніць свой арганізм супраць непрыемных нечаканасьцяў лёсу: «Пастарайцеся цягам некалькіх дзён задавальняцца самай таннай і нішчымнай ежай, адзявацца ў самую непрыглядную і нявыгадную вопратку, і стаўце сабе ўвесь час пытаньне: Якраз гэтага я раней баяўся?»

«Нэгатыўнае мысьленьне», пераконвае Бэркман, дзейнічае дабратворна на чалавека і ў выпадку самага нярадаснага «нэгатыву» ў жыцьці – непазьбежнай сьмерці. У гэтай сувязі Бэркман прыгадвае, што казаў Стыў Джобс, заснавальнік кампаніі Apple, якому давялося пакінуць гэты сьвет на 56-м годзе жыцьця пасьля невылечнай хваробы: «Прыгадваньне сабе, што вам трэба памерці, зьяўляецца найлепшым вядомым мне спосабам, каб пазьбегчы пасткі, у якую вы трапляеце, калі думаеце, што вам ёсьць што губляць».

Інакш кажучы, у гэтым жыцьці ёсьць факты, якіх нават самае моцнае «пазытыўнае мысьленьне» ня ў змозе зьмяніць. Тады трэба падаць руку пэсымізму і знайсьці ў ім як мага больш пазытыву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG