Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьявілася справаздача кампаніі лорда Бэла «Чайм Кам’юнікэйшнз» зь Вялікай Брытаніі аб працы па паляпшэньні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне ў 2008–2009 гадах. Зь беларускага бюджэту за гэты піяр мелася быць заплачана 10 мільёнаў эўра. Пра эфэктыўнасьць тых укладаньняў.

Кантракт беларускага ўраду з лордам Бэлам дзейнічаў адзін год. Ён быў падпісаны ў ліпені 2008 году, а 16 жніўня з турмы быў вызвалены экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Вызваленьне палітвязьняў лорд Бэл назваў адной з прычын тагачаснага паляпшэньня іміджу Беларусі і зьняцьця некаторых міжнародных санкцыяў.

Сам Аляксандар Казулін ня лічыць, што ён быў вызвалены дзякуючы лорду Бэлу:

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

«У кожны час ёсьць многа розных момантаў, якія спрыяюць той ці іншай падзеі. Таму я лічу, што майму вызваленьню спрыяла шмат розных момантаў, можа, у тым ліку і гэта. Але калі і паўплывала, то на вельмі маленькую частку».

Аляксандар Казулін мяркуе, што цяпер імідж Лукашэнкі ні лорд Бэл, ні хто іншы адбяліць ужо ня зможа:

«Думаю, што ёсьць такія моманты, што ўжо немагчыма нікому зрабіць, апрача Госпада Бога. Пасьля апошніх дзеяньняў улад і вельмі гучных заяваў, думаю, ім ужо нічога не дапаможа. Хоць дзесяць Бэлаў».

Апрача паляпшэньня іміджу беларускіх уладаў лорд Бэл займаўся падвышэньнем інвэстыцыйнай прывабнасьці краіны. У час дзеяньня ягонага кантракту ў Лёндане прайшоў першы Беларускі інвэстыцыйны форум, тады ж пра Беларусь пісала ўплывовая Financial Times, быў заключаны кантракт з польскім мільярдэрам Кульчыкам на будаўніцтва ў Беларусі электрастанцыі на бурых вуглях. Незалежны эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што ў прынцыпе лорд Бэл адпрацаваў грошы, але беларускія ўлады не скарысталіся гэтым:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Праца піяршчыка добрая, калі яе ня бачна. Затое вельмі бачна яе адсутнасьць, таму што пасьля таго, як гэты кантракт быў разарваны, беларускі бок адразу нарабіў вялікую колькасьць „ляпаў“, у тым ліку і вуснамі прэзыдэнта, ягонымі дзеяньнямі».

Сяргей Чалы перакананы, што зараз ніякі піяр Беларусі не дапаможа:

«Мне падаецца, што цяпер у нас настолькі безнадзейна сапсаваны імідж, што тут адным піярам не абыдзесься. Ніякі піяршчык не пераканае выпусьціць і рэабілітаваць палітвязьняў, калі гэтага ня схоча адзін чалавек».

Але тое, што неяк паляпшаць нэгатыўны вобраз краіны трэба, беларускія ўлады разумеюць і нешта саматужна імкнуцца рабіць, хоць бы ў чаканьні чэмпіянату сьвету па хакеі, у прыватнасьці — ствараюць брэнд Менску.

Спэцыяліст у галіне мас-мэдыяў Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што беларускія ўлады не чакаюць нейкіх цудаў што да паляпшэньня свайго іміджу:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Таму, як прагматычныя людзі, беларускія кіраўнікі вырашылі не марнаваць сродкі. Бо ёсьць цьвёрдая ўстаноўка не мяняць гэтую палітыку, не адкручваць гайкі, не выпускаць палітзьняволеных».

Піяр — рэч другасная ў параўнаньні з палітыкай уладаў, перакананы спадар Класкоўскі, і Лукашэнка шмат разоў прадэманстраваў, што не гатовы да эвалюцыі і сапраўдных рэформаў.

«Цяпер Беларусь хутчэй выбрала эўразійскі кірунак разьвіцьця. І ў гэтым кірунку ня трэба ніякіх лордаў Бэлаў, таму што постсавецкія аўтарытарныя кіраўнікі адзін аднаго добра разумеюць».
XS
SM
MD
LG