Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Праект лорда Бэла — выкінутыя на вецер грошы


Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін выклаў у «Фэйсбуку» трохгадовай даўніны справаздачу кампаніі «Чайм Кам’юнікэйшнз» лорда Бэла зь Вялікай Брытаніі аб працы па паляпшэньні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. Зьмест справаздачы перадае публікацыя на сайце naviny.by.

Адпаведны кантракт быў заключаны ўладамі Беларусі напрыканцы ліпеня 2008 году. Кантракт меў на мэце дзьве рэчы: данесьці станоўчы вобраз Беларусі і падвысіць інвэстыцыйную прыцягальнасьць краіны.

Шмат якія падрабязнасьці гэтага праекту выкладзеныя ў «Фэйсбуку». Паводле зьвестак Мікалая Халезіна, праект падвышэньня іміджу Беларусі ацэньваўся ў 10 мільёнаў эўра.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Свае ўражаньні ад дакумэнту «Свабодзе» выклаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«На мой погляд, пытаньне нават ня ў тым, колькі грошай аддалі за гэты праект — 10 мільёнаў ці 1 мільён. Гэта сьведчыць пра адно — мы маем справу з закрытымі схемамі, гэта ўсё не транспарэнтна. І няма кантролю — ні парлямэнцкага, ні грамадзкага, ні грамадзянскага. Вось у гэтым праблема.

Але самае галоўнае вось што. Можна заплаціць і 100 мільёнаў вядомым спэцыялістам, прафэсіяналам. Але калі беларускія ўлады нічога ня робяць, прытрымліваюцца старой палітыкі, то стаўленьне да іх ня зьменіцца. Гэта праедзеныя грошы. Ад гэтага праекту беларускія грамадзяне нічога не атрымалі. А грошы страціла беларуская казна».

Пастаронкавыя здымкі справаздачы даступныя зарэгістраваным карыстальнікам «Фэсбуку» тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG