Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: На Магілёўшчыне Лукашэнку ўвялі ў зман


13 сьнежня падчас наведваньня Магілёўшчыны Аляксандар Лукашэнка, як перадае агенцтва БЕЛТА, «пацікавіўся, наколькі павялічэньне заробкаў адпавядае тэмпам росту прадукцыйнасьці працы. Спэцыялісты, якія суправаджаюць кіраўніка дзяржавы, запэўнілі, што ў дадзеным выпадку ніякага перакосу няма».

Аднак многія эканамісты адзначалі і працягваюць цьвердзіць, што сёлета ў Беларусі рост заробкаў штучна апераджае рост прадукцыйнасьці працы. Дык што ж адбываецца насамрэч?

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што з кантэксту паведамленьня зразумела — гаворка ідзе пра ўсю Магілёўскую вобласьць. І таму, кажа спадар Заіка, можна сьмела сьцвярджаць — асобы, якія былі пры кіраўніку дзяржавы, схлусілі:

«Ні ў Магілёўскай вобласьці, ні ў цэлым па краіне рост прадукцыйнасьці працы не пасьпявае за падвышэньнем заробкаў. Па-першае, у Беларусі прыдумалі пэўную хітрасьць, калі прадукцыйнасьць працы атаясамліваюць з вырабаткай. Насамрэч, гэтыя паняцьці — даволі розныя. Але і гэты прыём не выратоўвае. Вось канкрэтныя лічбы: сёлета валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,5%, а рэальны заробак у пакупках — на 11,7%. Значыць, людзі, якія пры прэзыдэнце, яму хлусяць. Насамрэч, у краіне адсутнічае прапорцыя паміж вытворчасьцю і спажываньнем. І як бы не дурылі галаву, дастаткова невялікіх ведаў, каб пераканацца, што хлусьня гэта хлусьня».

Эканаміст Леў Марголін адзначае: пра «адсутнасьць перакосу» можна казаць хіба што на роўні некаторых лепшых прадпрыемстваў. І ня болей за тое. У цэлым жа рост прадукцыйнасьці працы адназначна не пасьпявае за павялічэньнем заробкаў:

«І гэта пагражае ростам інфляцыі. Ад прадукцыйнасьці працы залежаць аб’ёмы тавараў, якія можна купіць. І калі прадукцыйнасьць працы расьце больш павольна, чым аб’ём грошай у насельніцтва, то падвышаюцца цэны. Альбо, як гэта было ў Савецкім Саюзе, тавары зьнікаюць з паліц. Такога ў нас ня будзе. Але інфляцыя будзе расьці. І ад гэтага нікуды не падзецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG