Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Гайдукова: Яснасьці ў «шпіёнскай» справе Андрэя няма


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Вольга Гайдукова апавяла, што ўрэшце наладзілася ліставаньне з сынам, якога трымаюць у Віцебскім СІЗА № 2. Ад Андрэя Гайдукова дайшлі адразу тры лісты — маці, бацьку ды сястры.

Але ў допісах — збольшага падрабязнасьці побыту, кажа Вольга Гайдукова:

«Андрэй піша, што хвалюецца за сэсію ва ўнівэрсытэце — яна пачнецца да Новага году, і незразумела, дзе ён на той час будзе знаходзіцца. Ён піша, што яго могуць адпусьціць хоць цяпер, і ў той жа час — што могуць трымаць яшчэ доўга. Канкрэтнага ня піша нічога, дый зразумела — такія лісты проста да нас ня дойдуць. Можа, супраць яго зрабілі нейкую правакацыю, можа, падставілі — нічога не зразумела. Адно што ён просіць, каб яму перадалі тэлевізар. І для мяне гэта знак, што выйсьці зь СІЗА ў хуткім часе ён не спадзяецца».

Але, зь іншага боку, маці цешыць тое, што Андрэй Гайдукоў ня траціць цікаўнасьці да ўсяго, што адбываецца навокал: ён хоча глядзець навіны, папрасіў перадаваць яму газэты і выпісаць іх па магчымасьці. Паводле словаў адваката, хлопец трымаецца добра, выглядае нармальна, і гэта таксама супакойвае бацькоў.

«У лістах ён просіць зьвязацца зь сябрамі, супакойвае нас, што ў яго ўсё добра. Просіць, каб добра глядзелі за ягонай коткай Мартай, раздае нам усім даручэньні — усё ў ягоным духу. І гэта значыць, што ён не ўпадае ў адчай», — кажа маці.
Піша, што яго могуць адпусьціць хоць цяпер, і ў той жа час — што могуць трымаць яшчэ доўга


Ад адваката яна даведалася, што сын нарэшце пачаў атрымліваць лісты з дому. Дагэтуль амаль месяц ні ад яго не даходзілі лісты, ні допісы сваякоў не траплялі да арыштаванага.

З Андрэем Гайдуковым працуюць ужо два адвакаты — віцебскі і менскі. Але яны не паведамляюць падрабязнасьцяў справы, бо гэтага вымагаюць іхныя службовыя абавязкі. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра расьсьледаваньне «шпіёнскай дзейнасьці» Гайдукова таксама няма.

Усё, што вядома, — гэта зьмест паведамленьня КДБ пра тое, што 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» затрымалі 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас закладкі ў тайнік інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Каля месяца Андрэя Гайдукова трымалі ў менскім СІЗА КДБ, а на пачатку сьнежня перавезьлі ў Віцебск.

Супраць яго распачата крымінальная справа паводле артыкула 356 «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці». Родныя і сваякі лічаць гэтае абвінавачаньне беспадстаўным. І тлумачаць ціск на хлопца з боку КДБ выключна заняткамі апазыцыйнай дзейнасьцю: да Гайдукова і раней прыходзілі «людзі ў цывільным» ды папярэджвалі пра верагодныя «непрыемнасьці». Актывіст не хаваў сваіх палітычных поглядаў, яго затрымлівалі падчас «акцыяў маўклівага пратэсту», а непасрэдна перад арыштам ён рыхтаваў дакумэнты для рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў».
XS
SM
MD
LG