Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму буйныя польскія фірмы ня йдуць у Беларусь?


Веслаў Пакладэк

Веслаў Пакладэк

Таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай за 9 месяцаў гэтага году ўпаў на 6 працэнтаў. Польскі бізнэс мае цікавасьць да прыватызацыі ў Беларусі, але вынікаў гэтай цікавасьці няма.

Пра гэта сёньня заявіў кіраўнік аддзелу садзейнічаньня гандлю і інвэстыцыям амбасады Польшчы ў Менску Веслаў Пакладэк.

Максымальны таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай, паводле мэтодыкі, якую ўжывае беларускі бок, быў зафіксаваны ў 2008 годзе і склаў тады амаль 3 мільярды даляраў.

У 2009 і 2010 гадах назіралася істотнае падзеньне ўзаемнага гандлю, у 2011 годзе таваразварот падрос да 2,5 мільярда. У гэтым годзе за 9 месяцаў зноў зафіксаванае падзеньне — на 6 працэнтаў (да 1,72 мільярда даляраў). Амбасада Польшчы тлумачыць гэтае падзеньне найперш фінансавымі праблемамі і адміністратыўнымі абмежаваньнямі ў Беларусі. Гаворыць першы дарадца амбасады Польшчы Веслаў Пакладэк:

«Сярод гэтых абмежаваньняў — немагчымасьць перадаплаты за імпарт, індыкатыўныя цэны, немагчымасьць займацца экспартам любой фірме, высокая працэнтная стаўка... Як трэба гандляваць, каб зарабіць столькі? Гэта абмежаваньне ня столькі адміністратыўнае, колькі такое, якое выцякае з эканамічнай сыстэмы Беларусі».

Паводле статыстыкі, найбольшую частку беларускага экспарту ў Польшчу (27 працэнтаў) складаюць нафтапрадукты. Першае месца ў беларускім імпарце з Польшчы заняла сьвініна — 8,2 працэнта. Беларусь увогуле выбілася ў лідэры па імпарце сьвінога мяса з Польшчы. Спадар Пакладэк патлумачыў гэты фэномэн наступным чынам:

«Адзін аспэкт — гэта цана польскага мяса, другі — якасьць».





Але на пастаўкі польскага мяса ў Беларусь могуць паўплываць абмежаваньні, уведзеныя нядаўна Мытным зьвязам.

Як прызнаў кіраўнік Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Дуноўскі, таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай ужо вычарпаў наўпростыя магчымасьці, далей ён ня можа расьці без каапэрацыі і інвэстыцый. Але буйныя польскія фірмы ня хочуць ісьці на беларускі рынак з-за неспрыяльнага інвэстыцыйнага клімату.

Напружаныя палітычныя адносіны Беларусі і Польшчы ўплываюць і на эканоміку, прызнаў спадар Пакладэк, хоць і не наўпрост, бо няма прыкладаў уціску ў Беларусі польскіх інвэстараў:

«Тым ня меней некаторыя інвэстары баяцца розных палітычных працэсаў, якія адбываюцца тут. І яны тармозяць свае рашэньні прыйсьці сюды і працаваць на рынку Мытнага зьвязу».

Да перашкодаў польскім інвэстыцыям у Беларусь Веслаў Пакладэк аднёс і адміністратыўныя бар’еры, і агульную эканамічную сытуацыю:

«Тут перашкаджаюць яшчэ і законы. Ёсьць такі закон у Беларусі, які дазваляе перагледзець прыватызацыйную зьдзелку цягам 10 гадоў... Трэба спачатку падрыхтаваць базу».

Таму, як падсумаваў спадар Пакладэк, хоць у польскіх бізнэсоўцаў ёсьць цікавасьць да прыватызацыі ў Беларусі, але вынікаў пакуль няма.

Сярод іншага Веслаў Пакладэк заявіў пра польскую падтрымку сяброўству Беларусі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, бо ў такім выпадку будуць зьнятыя адміністратыўныя абмежаваньні ва ўзаемным гандлі.
XS
SM
MD
LG