Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На паседжаньні ў Маскве рады міністраў абароны краінаў СНД 11 сьнежня разглядаўся плян сумесных дзеяньняў Аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны на 2013 год.

Кіраўнікі абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі заявілі, што далей за іншых сябраў Садружнасьці прасунуліся ў пытаньнях супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. Сярод іншага, у кулюарах журналістам нібыта ўдалося пачуць і пра неафіцыйную частку перамоваў: у адказ на актыўнасьць блоку НАТО ў краінах Балтыі на тэрыторыі Беларусі можа быць разьмешчаная расейская авіяцыйная база.

Інтэрнэт-партал «Военно-политическое обозрение» са спасылкай на свае крыніцы піша, што з улікам актывізацыі войскаў НАТО на тэрыторыі Літвы і Латвіі Ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі мусяць рэагаваць адпаведным чынам. Адным са спосабаў дасягнуць вайсковага балянсу можа быць разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы. Для гэтага, з аднаго боку, патрэбны высокі ўзровень узаемадзеяньня паміж арміямі Беларусі і Расеі, а зь іншага — наяўнасьць рэгіянальнай групоўкі. Усе гэтыя перадумовы ёсьць.

Аднак у Міністэрстве абароны Беларусі адмаўляюцца нешта казаць адносна падобнай пэрспэктывы. У прэсавай службе ведамства абмяжоўваюцца адказам, што чутак не камэнтуюць, але пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай авіябазы дагэтуль гаворка не вялася. У мэтазгоднасьці такога кроку сумняюцца і экспэрты. Расейская авіяцыя карыстаецца беларускімі ваеннымі аэрадромамі фактычна калі захоча, таму ствараць тут адмысловую базу — задорага. Да таго ж, перакананы лётчык-выпрабавальнік, герой Расеі Магамэд Талбоеў, саюзьнікам аб’ектыўна няма каго баяцца:

«Пры чым тут расейскія авіябазы? Беларусь — гэта сувэрэнная краіна. Значыць, сувэрэннае права беларусаў — ствараць сабе якія заўгодна базы. Расея —
А тое, што нібыта пагражае НАТО — дык гэта глупства. Каго там баяцца?

магутная дзяржава, якая можа падтрымаць і дапамагчы. Зразумела, найперш — паспрыяць такому блізкаму саюзьніку, як Беларусь. Але я ўпэўнены, што Беларусь сама ў стане абараніць сябе, як, прыкладам, Паўночная Карэя. А тое, што нібыта пагражае НАТО — дык гэта глупства. Каго там баяцца? Калі прэзыдэнт Беларусі зьвернецца — маўляў, дапамажыце крыху, — дапаможам. Але вы, беларусы, і так мацнейшыя. Якая Літва ці Латвія? Гэта ж марыянэтачныя краіны, нейкія дробныя сошкі ў Эўразьвязе. Таму я абсалютна нічога падобнага не прагназую. Лукашэнка як прэзыдэнт (прычым, падкрэсьліце, прэзыдэнт народны, не самазванец) — ён ведае, што рабіць і як рабіць».

Разам з тым адмыслоўцы не выключаюць, што размовы пра неабходнасьць разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі выкліканыя сёлетнім інцыдэнтам, калі швэдзкі лёгкаматорны самалёт бесьперашкодна перасек літоўска-беларускую паветраную мяжу, даляцеўшы да Менску. Такі дзіравы саюзны «шчыт», верагодна, турбуе Крэмль. Гаворыць генэрал-маёр у адстаўцы, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў:

Валеры Фралоў

Валеры Фралоў

«Ня ведаю, ці можна такія размовы наўпрост зьвязваць з плюшавым дэсантам. Але каб арміі разьвівацца, расьці, трэба знаходзіць праціўніка, абазначаць яго нейкім чынам, і пад гэтай маркай кудысьці рухацца. Вось так, не выключаю, і там нешта абазначалі. Тым больш, адносіны ў нас з Расеяй у ваенным пляне нармальныя, а значыць, размовы ў падобным ключы цалкам магчымыя. Да таго ж у нас для разьмяшчэньня ваеннай базы ёсьць усе ўмовы. Шмат аэрадромаў было за савецкім часам. Гэтыя пляцоўкі няхай сабе ў запушчаным стане, але яны засталіся. Таму нейкіх сур’ёзных праблемаў я ня бачу, калі такая неабходнасьць — на стварэньне авіябазы — сапраўды паўстане. А разьмясьціць яе можна, яшчэ раз кажу, без праблемаў».

У Беларусі ўжо функцыянуюць дзьве расейскія ваенныя базы. Найперш гэта радыёлякацыйная станцыя «Волга», разгорнутая на плошчы ў 200 гектараў блізу Ганцавічаў на Берасьцейшчыне. Сюды ваенны аб’ект перадыслякаваўся 10 гадоў таму — пасьля таго як улады Латвіі адмовіліся ад расейскай прысутнасьці ў Скрундзе (нягледзячы на тое, што арэнда прыносіла мільёны даляраў). Асноўныя функцыі — папярэджваць пра ракетны напад і сачыць за атамнымі падводнымі лодкамі НАТО ў Атлянтыцы і Нарвэскім моры. «Волга» ўваходзіць у склад расейскіх Касьмічных войскаў і, калі казаць вайсковым слэнгам, замыкаецца на «ядзерны чамаданчык» прэзыдэнта Расеі. Працу аб’екта забясьпечваюць 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў і мясцовы цывільны пэрсанал.

Па-другое, 43-ці вузел сувязі расейскага Ваенна-марскога флёту «Антэй» блізу Вілейкі на Меншчыне. Адрозна ад станцыі ў Ганцавічах, вілейская пачала працаваць яшчэ пры Саюзе, у сярэдзіне 1960-х. Ад таго часу сваю спэцыялізацыю захавала — забесьпячэньне наўпроставай сувязі Галоўнага штабу ВМФ Расеі з атамнымі падлодкамі расейскага флёту. Плошча пад «Антэй» утрая большая за базу ў Ганцавічах — 650 гектараў. Мяркуючы па ўсім, расейцы акапаліся тут надоўга, бо абяцаюць карэнную мадэрнізацыю станцыі. Аб’ект абслугоўваюць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі, а таксама вольнанаёмныя беларусы, якія займаюцца ваенізаванай аховай.

Статус ваенных аб’ектаў Расеі на тэрыторыі Беларусі вызначаны міждзяржаўным пагадненьнем, згодна зь якім уся нерухомая маёмасьць РЛС «Волга» і станцыі «Антэй», як і зямельныя надзелы пад імі, перададзеныя расейскаму боку ў доўгатэрміновае карыстаньне тэрмінам на 25 гадоў без спагнаньня падаткаў і без аплаты арэнды землі. Гэтаксама Беларусь не бярэ плату за выкарыстаньне каналаў сувязі.

У той жа час Масква падкрэсьлівае, што на парытэтнай аснове забясьпечвае беларускіх партнэраў магчымасьцю ладзіць вучэньні на сваёй тэрыторыі. Так, штогод бясплатна арганізуюцца ракетныя стрэльбы на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці, куды выяжджаюць часткі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Як лічаць расейскія генэралы, такое мерапрыемства надзвычай затратнае і нават перакрывае кошт штогадовай арэнды абодвух аб’ектаў («Волга» і «Антэй»), які сумарна ацэньваецца ў 10 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG