Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Белвесьце» з трывогай чытаюць інтэрнэт


Зьвесткі ў інтэрнэце пра магчымы страйк, спыненьне вытворчасьці абутку і арыштаваныя рахункі «Белвесту» сталі нечаканасьцю для шараговых працаўнікоў.

Умовы працы на прадпрыемстве цяжкія, але заробак да гэтага часу выдаваўся своечасова, так што пра падрыхтоўку да страйку на дадзены момант гаворкі няма, кажуць суразмоўцы. Але пасьля зьяўленьня ў сеціве інфармацыі пра арышт банкаўскіх рахункаў «Белвесту» работнікі з трывогай чакаюць заўтрашняга дня: 14 сьнежня — дзень атрыманьня заробку на прадпрыемстве.

Адміністрацыя «Белвесту» зьвесткі пра арыштаваныя рахункі і магчымае спыненьне вытворчасьці абутку, што зьявіліся ўвечары 12 сьнежня ў сеціве, аніяк не камэнтуе. Адно што ўсе запыты фіксуюцца, і 14 сьнежня кіраўніцтва абяцае правесьці прэсавую канфэрэнцыю, каб разам адказаць на ўсе пытаньні. Але ці адбудзецца яна і ці запросяць туды ўсіх, хто тэлефанаваў, каб спраўдзіць скандальную інфармацыю, пакуль невядома.

12 сьнежня tut.by разьмясьціў артыкул «Белвест пагражае спыніць вытворчасьць абутку», дзе гаварылася пра арышт рахункаў прадпрыемства. А таксама пра тое, што «супрацоўнікі апасаюцца, каб не застацца без заробкаў на навагоднія сьвяты, і вінавацяць у тым, што адбываецца, прадстаўнікоў мясцовых дзяржаўных органаў».
XS
SM
MD
LG