Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Сарочык пазнаў сваіх катаў


Васіль Сарочык

Васіль Сарочык

Ахоўнік менскай аўтастаянкі Васіль Сарочык, зьбіты супрацоўнікамі міліцыі ў Ленінскім РУУС Менску, прайшоў працэдуру апазнаньня падазраваных у катаваньні.

Як паведаміў Васіль Сарочык, на апазнаньне былі прапанаваныя чатыры чалавекі, сярод якіх ён пабачыў траіх, хто яго катаваў, і аднаго, хто ня ўдзельнічаў у зьбіцьці, але прысутнічаў у той дзень у Ленінскім РУУС.

Паводле Васіля Сарочыка, адзін з тых, хто яго зьбіваў, назваўся Алегам Жуком, яшчэ адзін — Раманам Бароўскім. Трэці адмовіўся называць сваё імя, але ўсе яны назвалі свае пасады і месца працы — сьледчыя Ленінскага РУУС Менску. Як паведаміў Васіль Сарочык, сьледчая Жана Багданоўская — галоўная падазраваная ў зьбіцьці — у працэдуры апазнаньня ня ўдзельнічала.

Сьледчыя дзеяньні праводзіць Сьледчы камітэт па горадзе Менску ў рамках крымінальнай справы аб зьбіцьці Васіля Сарочыка супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага РУУС Менску. У праваахоўныя органы Васіль Сарочык зьвярнуўся пасьля таго, як 14 лістапада яго некалькі гадзін зьбівалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў Ленінскім РУУС, змушаючы прызнацца ў шэрагу крадзяжоў.
XS
SM
MD
LG