Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусам ня варта спадзявацца на падтрымку афіцыйнай Вільні


Эмануілас Зінгерыс

Эмануілас Зінгерыс

Чаго можна чакаць Беларусі ад новага складу літоўскага парлямэнту? Ці зьменяцца літоўска-беларускія дачыненьні? Якімі будуць стасункі Беларусі і Эўразьвязу, пасьля таго, як да Літвы пяройдзе старшыньства ў Эўрапейскім Зьвязе?

Пасьля восеньскіх выбараў большасьць у парлямэнце Літвы атрымалі сацыял-дэмакраты. Дэпутат ад партыі кансэрватараў Эмануілас Зінгерыс і хрысьціянскі дэмакрат Альгірдас Патацкас апынуліся ў парлямэнцкай апазыцыі.

Спадар Патацкас прызнаецца: «Я сябе лепш пачуваю ў апазыцыі. Так што будзем сябраваць, таму што людзі тыя ж самыя засталіся, але зараз яны як бы адсунутыя ад руля дзяржавы. Адсунутыя — але гэта ня значыць, што яны ня могуць нічога. Яны могуць! Так што будзем сябраваць і далей, на дзяржаўнай аснове».

Але беларусам асабліва спадзявацца на падтрымку афіцыйнай Вільні не выпадае, лічыць Альгірдас Патацкас: «Зараз у Літве гэта новая ўлада, якая прыходзіць, яна ня будзе для вас вельмі добрай. Таму што да ўлады прыйшлі сацыял-дэмакраты, якія хочуць сябраваць з Расеяй».

Затое можна спадзявацца на падтрымку з боку грамадзянскай супольнасьці, запэўнівае старшыня камітэту па замежных справах Сэйму Эмануілас Зінгерыс: «І сымпатыі літоўскага народа — на баку дэмакратыі, на вашым баку».

Што да стасункаў Беларусі і Эўразьвязу, спадар Зінгерыс выказаў такое меркаваньне: «Калі Вас цікавіць, што будзе ў Эўропе для дзядзькі Лукашэнкі, то я думаю, што няма столькі інтарэсаў у спадара Лукашэнкі ў Брусэлі, каб з-за яго мянялі б курс. Ня ўдасца яму скасаваць гэты сьпіс з 200 неўязных ў Эўразьвяз, і не атрымаецца зьмяніць курс удачыненьні да сябе. Я думаю, што Эўразьвяз мала дапамагае вам, маючы на ўвазе ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі. За гэта перад вамі мне вельмі сорамна».

Альгірдас Патацкас

Альгірдас Патацкас

Дэпутат Альгірдас Патацкас кажа, што ў Эўразьвязе зараз сваіх праблем хапае: «Наконт Эўропы вы вялікіх ілюзій ня майце. Таму што там адбываецца свая ўнутраная барацьба. Барацьба каштоўнасьцяў, барацьба этычная і гэтак далей».

Нядаўнія заявы пра перанакіраваньне грузапатокаў з Кляйпэдзкага порту на Санкт-Пецярбург непакояць Літву, але не настолькі, каб рабіць з гэтага трагедыю, кажа дэпутат Зінгерыс: «Мы хацелі б, каб праз Клайпэду. Але што, будзем зараз пасыпаць галаву попелам і крычаць: „Бацька, не рабі гэтага!“ Ну дык адпраўляйце грузы празь Месяц!»

Апошні амбасадар Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус прабыў на пасадзе толькі 4 месяцы, зараз яго зацьвердзілі міністрам замежных справаў. Хто можа быць прызначаны новым амбасадарам, старшыня камітэту па замежных справах Зінгерыс пакуль ня ведае, але запэўніў: «Добры быў амбасадар Лінас Лінкявічус, і да яго быў добры амбасадар. Так альбо інакш, але і новы амбасадар будзе добры, я вам гарантую. Амбасада будзе адкрытая для вас, мы за гэтым прыгледзім».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG