Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 сьнежня ў кватэры жыхароў Мазыра вярнулася пітная вада, падача якой была спынена напярэдадні, бо горад застаўся без электрычнасьці.

Пэнсыянэр Уладзімер, жыхар мікрараёну «Маладзёжны» паведаміў «Свабодзе», што ў ягоны дом ваду падалі мінулай ноччу: «Да гэтага быў цырк, рэпетыцыя „канца сьвету“. Людзі зь вёдрамі й тазамі зграбалі сьнег у дварах і несьлі яго ў кватэры, разагравалі на газавых плітах. Так і здабывалі ваду. Бо ня будзеш жа ў прыбіральні карыстацца мінэралкай».

Бутэлеваную пітную ваду ў крамах хутка раскупілі. Некаторыя гандлёвыя цэнтры спынілі працу, ня маючы электрычнасьці. Перапынілася й мабільная сувязь. Не працавалі працяглы час некаторыя аддзяленьні банкаў.

Спадар Рыгор, які жыве на бульвары Юнацтва, паведаміў, што падвечар да іхніх дамоў прывезьлі цыстэрну вады, і сям’і ўдалося набраць з яе дзьве каністры. Апоўначы на бульвары аднавілі цэнтралізаваную падачу вады.

У мікрараёне «Кастрычніцкі» ваду ўключылі таксама ноччу. Але гарачая вада цячэ вельмі брудная.

У шэрагу вёсак Мазырскага раёна дагэтуль не адноўлена падача электраэнэргіі.


МНС: 90 паселішчаў застаюцца без электрычнасьці

«На 6:00 безь сьвятла заставаліся каля 90 населеных пунктаў па ўсёй краіне. Не ліквідаваныя аварыі на 206 трансфарматарных падстанцыях. Аднаўленчыя работы працягваюцца », - заявілі Інтэфаксу з Міністэрстве па надзвычайных сытуацыяў.

«За мінулыя суткі электраэнергія зьнікала ў 634 населеных пунктах, былі абясточаны 111 будынкаў, адключаліся 1756 трансфарматарных падстанцыяў», — удакладніклі ў МНС.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG