Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына. Сьнегапады і «канец сьвету»


На Гомельшчыне наліплы на правады сьнег шмат дзе парваў лініі электраперадач. У апошнія два дні без электрычнасьці заставаліся каля 130 паселішчаў.

Асабліва іх шмат у паўднёвых раёнах — Мазырскім, Ельскім, Лельчыцкім.

Сьвятло адключылася ў першай палове дня 12 сьнежня ў шэрагу мікрараёнаў 100-тысячнага Мазыра. Адначасова ў шматпавярховых дамах на бульвары Юнацтва, вуліцы Малініна, у Кастрычніцкім мікрараёне спынілася й падача вады.

Мясцовы жыхар Уладзімер Целяпун: «З раніцы было сьвятло й была вада. Гадзіны каля 10-й нешта здарылася — няма электрычнасьці й няма вады. Людзі ідуць у крамы, скупляюць пітную ваду й бяруць ужо мінэралку. Усё ж завязана на электрычнасьці. Не працуюць электрапомпы — няма й вады, і асабліва ў мікрараёнах, дзе шматпавярховыя дамы. Так рыхтаваліся да сустрэчы „канца сьвету“, што неўзабаве такім чынам ён можа й наступіць».

Раённым энэргетыкам цяпер, аднак, не да гумару. Прадстаўнік тэхнічнай службы Мазырскіх электрычных сетак удакладняе:

«Шмат адключэньняў. Адны аднаўляем — іншыя сыплюцца. За мінулую ноч колькасьць пашкоджаньняў у спажыўцоў і пашкоджаных ліній павялічылася. Сьнегапад, наліпаньне сьнегу, злом дрэваў. Галіны пад цяжарам сьнегу кладуцца на правады — і лініі адключаюцца».

Адсутнасьць электрасьвятла ў мікрараёнах Мазыра інжынэр патлумачыў адключэньнем дзьвюх ліній. Адна зь іх выйшла са строю ноччу, другая — раніцай.

Падобная сытуацыя назіралася напярэдадні ў Жыткавічах, калі райцэнтар таксама застаўся на дзень без вады.

Каб неяк зладзіць з пашкоджаньнямі электраліній, на дапамогу мазырскім энэргетыкам «Гомельэнэрга» перакінула туды брыгады з Рэчыцы, Гомеля, Жлобіна.

Сьнежаньскія завеі, хоць і ў меншай ступені, закранулі й абласны цэнтар. На змаганьне са сьнегам спэцаўтапрадпрыемства і фірма «Чырвоны гвазьдзік» вывелі ці ня ўсе свае сілы. Гэта пераважна дворнікі-жанчыны. Яны з раніцы да вечара лапацяць набрынялы адлігаю сьнег.

Спадарыня Натальля: «Мужчыны лічаць, што для іх тут малая аплата. Я лічу, што й для жанчын аплата малая — 2 мільёны 300 тысяч. Прыбіраем па два, тры ўчасткі — як выходзіць. Людзей не хапае, людзі сыходзяць. Мы працуем па 12 гадзін, працуем празь дзень. Пасьля зьмены ледзьве ідзеш — іду як п’яная дадому. Дома я ўжо нічога не раблю».

Пэнсіянэрка, якая падалася ў дворнікі з прычыны малой сацыяльнай дапамогі, гэтак выказваецца наконт «жаночага дэсанту» на засьнежаных вуліцах:

«Проста вельмі цяжкая праца. А жанчыны — яны больш устойлівыя, ці як гэта сказаць. Мужчыны — тыя найбольш на вытворчасьці, на заводах. А тыя, хто п’е, іх звычайна й не бяруць. Праца ня зь лёгкіх і ня надта аплачваецца».

Спадар Міхаіл кажа, што ўлады патрабуюць у горадзе чысьціні, але ніколі асабліва ня дбалі пра заробкі тых, хто прыбірае горад і ад сьмецьця, і ад сьнегу:

«А калі ў дворніка быў вялікі заробак? Самы нізкі заробак — гэта ў дворніка. Трэба іх нечым зацікавіць. Я не кажу пра ільготы — быў бы хоць годны заробак. Тут і ў мароз, і ў дождж — усё адно працуеш».
XS
SM
MD
LG