Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня мыйцеся ў душы падчас навальніцы


5 мітаў наконт здароўя

Часам мы даем парады на розныя тэмы – пра тое, як шкодна чытаць у цемры ці пра тое, як правільна здымаць кляшча, калі той учапіўся ў скуру – толькі таму, што мы самі чулі гэтыя парады шмат разоў.

У сваёй кнізе «Ці сапраўды нельга мыцца ў душы падчас навальніцы?» амэрыканскі журналіст Анахад О’Конар паспрабаваў праверыць некаторыя ўстойлівыя перакананьні, вывучаючы навуковыя дасьледаваньні і апытваючы экспэртаў. Вось некаторыя з папулярных меркаваньняў, якія ў кнізе О’Конара абвяргаюцца альбо пацьвярджаюцца:

1. Мускулы ператвараюцца ў тлушч, калі іх не трэніраваць: Няпраўда!


Мускулы і тлушч – гэта дзьве розныя тканкі, якія не ператвараюцца адна ў адну. Калі вы спыняеце фізычныя практыкаваньні, мускулы зьмяншаюцца і іх месца можа заняць тлушч. Людзі, якія спыняюць практыкаваньні, звычайна працягваюць спажываць ранейшую колькасьць калёрыяў. Але паколькі выдаткі энэргіі зьмяншаюцца, чалавек набірае вагу. А паколькі мускульная маса павялічвае хуткасьць мэтабалізму, дык верагодна, што зь меншай масай мускулаў у чалавека прыбавіцца тлушчу, калі ён больш есьць і мае меншую фізычную нагрузку. Гэтыя тры фактары і ствараюць ілюзію, што мускулы ператвараюцца ў тлушч. Але добрая навіна ў тым, што гэта можна прадухіліць нават з дапамогай абмежаваных фізычных практыкаваньняў.

2. Жанчыны п’янеюць хутчэй за мужчынаў: Праўда!


У жаночым арганізьме меншы працэнт вады, чым у мужчынскім, таму высокая канцэнтрацыя алькаголю ў крыві дасягаецца хутчэй. Але гэта ня ўсё. Жанчыны таксама маюць удвая ніжэйшую канцэнтрацыю рэчыва, якое дапамагае расшчапляць алькаголь. Таму печань і страўнік жанчыны перапрацоўваюць толькі каля 20% ад колькасьці алькаголю, які перапрацоўваецца ў арганізьме мужчыны. У выніку большая колькасьць алькаголю патрапляе ў кроў і, адпаведна, у мазгі.

3. Алькаголь забівае мазгавыя клеткі: Няпраўда!


Дасьледаваньні паказалі, што для таго, каб канцэнтрацыя алькаголю ў крыві пашкодзіла клеткі мозгу, трэба выпіць столькі, што чалавек раней памрэ ад затрымкі дыханьня. Але трэба памятаць, што хоць сам алькаголь і не зьнішчае мазгі, гэта можа адбыцца з-за іншых рэчаў, зьвязаных з п’янствам, у тым ліку з-за няўвагі да свайго здароўя і правільнага харчаваньня.

4. Падчас навагодніх сьвятаў людзі набіраюць пару кіляграмаў вагі: Няпраўда!


Амэрыканскія дасьледаваньні паказалі, што за зімовы час людзі ў сярэднім набіраюць паўкіляграма вагі. Толькі 10% дасьледаваных набралі болей за два кіляграмы. Але праблема ў тым, што гэтая вага часьцей за ўсё нікуды потым не сыходзіць, якія б вы сабе не давалі абяцаньні на Новы Год. Таму варта кантраляваць сябе за сьвяточнымі сталамі.

5. Кубак зялёнай гарбаты дапамагае хутчэй згубіць вагу: Няпраўда!


Апошнім часам паўсюль рэклямуюць пазытыўныя якасьці зялёнай гарбаты, ад паляпшэньня страваваньня да лепшай працы мозгу. Аднак шмат у якіх выпадках для гэтага існуе недастаткова навуковых доказаў. Напрыклад, у зялёнай гарбаце шмат катэхінаў – рэчываў, якія паскараюць мэтабалізм і дазваляюць «спальваць» тлушч. На жаль гэты эфэкт настолькі малы, што ня можа прывесьці да значнага зьмяншэньня вагі.

Што праўда, адно з дасьледаваньняў паказала, што мужчыны, якія ўжывалі спэцыяльны экстракт зялёнай гарбаты з высокім утрыманьнем катэхінаў (у 20 разоў вышэйшым, чым у звычайнай гарбаце), згубілі на кіляграм вагі болей, чым тыя, хто не прымаў гэтага экстракту. Але пару кубкаў гарбаты ў дзень не дадуць сур’ёзнага эфэкту.

Давярай, але правярай


У сваёй кнізе О’Конар паказвае памылковасьць многіх рэчаў, якія людзям здаюцца відавочнымі, бо яны іх чулі ад 5-6 гадоў. Ён раіць зьвяртацца да аўтарытэтных публікацый і Інтэрнэт-сайтаў і кансультавацца з доктарам, перш чым займацца самалячэньнем.

Сярод найгоршых мітаў – тое, што калі вас укусіла зьмяя, дык трэба разрэзаць скуру ў гэтым месцы і адсмактаць атруту. Насамрэч такія дзеяньні небясьпечныя, а найлепшы варыянт заставацца ў цяпле, піць шмат вадкасьці і як мага хутчэй дабрацца да шпіталю.

Дык ці насамрэч нельга мыцца ў душы падчас навальніцы?


Як ні дзіўна, так, піша О’Конар. Калі маланка патрапляе ў будынак, электрычны зарад можа рухацца па водаправоднай сыстэме і ўдарыць кожнага хто дакранецца да крану. Маланка можа лёгка пераскочыць з добрага мэталічнага правадніка на яшчэ лепшы праваднік, вас. Так што з гэтай старой парады лепей не жартаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG