Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі ў сеціве. Прабежкі, дыскусіі, сямейныя фоткі


Калі цябе няма ў фэйсбуку, значыцца цябе няма. Гэта ўжо стала распаўсюджанай фразай у сеціве. Калі цябе няма ў сацыяльных сетках, значыць цябе няма і ў палітыцы – так можна перафразаваць гэты пастулят для палітыкаў. Беларускіх і сусьветных.

Мы паспрабавалі прасачыць актыўнасьць у сацыяльных сетках, пераважна ў Фэйсбуку, кандыдатаў на прэзыдэнта на выбарах 2010 году і лідэраў апазыцыйных партый, а таксама вядомых палітыкаў у розных краінах.

Мае профіль у фэйсбуку экс-кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Андрэй Саньнікаў, але нічога ў ім ня піша. У ягонай хроніцы пераважна звароты да яго падпісаць розныя пэтыцыі.

Больш актыўны ў фэйсбуку былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў. Ён мае каля чатырох з паловай тысячаў сяброў, даволі апэратыўна рэагуе на падзеі, перадрукоўвае артыкулы з сайту «Гавары праўду», дасылае спачуваньні і віншаваньні.

Амаль штодня абнаўляе свой профіль яшчэ адзін экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі. У ягонай хроніцы як палеміка наконт забароны абортаў і падзеі, зьвязаныя зь дзейнасьцю БХД, рэлігійным жыцьцём, так і перадрукоўкі пра яго і партыю зь розных СМІ.

Актыўнасьць экс-кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва ў фэйсбуку можна ахарактарызаваць як сярэднюю. У ягоным профілі збольшага перадрукоўкі, заклікі падпісаць пэтыцыі, часам аповеды пра розныя ініцыятывы, кшталту патрабаваньня дэмантажу помніка Леніна з Плошчы Незалежнасьці.

Старонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча можна назваць справаздачнай – дапісаў дысэртацыю, выступіў на канфэрэнцыі, напісаў артыкул, даў камэнтар.... Прысутнічае Міхалевіч і ў твітэры, але ня надта актыўна.

Старонку палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнты Міколы Статкевіча пакуль напаўняе ягоная жонка Марына Адамовіч. Тут і фотаздымкі палітыка, і ягоныя лісты з турмы, і даволі актыўныя дыскусіі пад допісамі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук, які адышоў ад палітыкі, рэгулярна папаўняе сваю кроніку – пераважна па-расейску, часткова па-ангельску і збольшага эканамічнымі аналізамі.

Старонкі двух кандыдатаў ў прэзыдэнты-2010 Дзьмітрыя Вуса і Віктара Цярэшчанкі мы не знайшлі ў сацыяльных сетках.

Сярод лідэраў апазыцыйных партый найбольш актыўны кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Зь ягонай стужцы можна даведацца пра ягоныя штодзённыя прабежкі, пабачыць сямейныя фотаздымкі і партыйныя справаздачы, а таксама некаторыя шчыраваньні, кшталту ўспамінаў пра тое, як калаціліся рукі на Майдане незалежнасьці ў Кіеве.

Невысокая актыўнасьць у сацыяльных сетках у лідэра Партыі аб'яднаных левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, створаная старонка амаль не абнаўляецца. Лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк прынцыпова не заводзіць старонкі ў сацыяльных сетках, але існуюць некалькі старонак у фэйсбуку і вконтакте пад ягоным імем, невядома кім створаныя.

Многія сусьветныя лідэры маюць старонкі ў розных сацыяльных сетках. Напрыклад запіс у твітэры Барака Абамы «Яшчэ чатыры гады» аб ягонай перамозе на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША стаў найбольш цытаваным у гісторыі твітэра.

Рэгулярна твіціць і расейскі прэм'ер Дзьмітры Мядзьведзеў. Адзін з апошніх твітаў – спачуваньні родным і блізкім Галіны Вішнеўскай.

Былы прэм'ер-міністар Украіны Юлія Цімашэнка падчас суду над ёй паказала, як лёгка зрабіць папулярным свой блог у твітэры, яна лёгка набрала 100 000 падпісчыкаў. Але яе актыўнасьць спынілася 5 жніўня 2011 году пасьля арышту.

Карэспандэнты «Свабоды» даволі часта хутчэй даведваюцца пра некаторыя падзеі праз твітэр міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, а толькі пасьля праз прэс-службы.

У мінулым месяцы прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце адкрыла афіцыйны акаўнт прэзыдэнта краіны ў Twitter.

У фэйсбуку ёсьць некалькі старонак пад іменем Аляксандра Лукашэнкі, але відавочна ня ім створаныя і збольшага іранічнага характару, некаторыя са зьняважлівымі камэнтарамі.

Сярод беларускіх урадоўцаў актыўных карыстальнікаў твітэру, фэйсбуку і вконтакте не было заўважана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG