Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыедуць да нас 600 тысяч кітайцаў?


Кітайцы — працаўнікі касьцюковіцкага цэмэнтнага заводу
Кітайцы — працаўнікі касьцюковіцкага цэмэнтнага заводу

Улады Беларусі не пацьвярджаюць зьвесткі пра тое, што на 2013 год Міністэрства замежных спраў Беларусі нібыта выдала больш за 600 тысяч працоўных візаў грамадзянам Кітаю.

Такая інфармацыя зьявілася ў сеціве са спасылкай на кіраўніка навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука. Той сьцьвярджае, што атрымаў зьвесткі з надзейных і вартых даверу крыніцаў. Як кажа ананім, усе гэтыя людзі будуць задзейнічаныя ў стварэньні інфраструктуры для Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

Прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных наконт прышэсьця больш чым паўмільёна кітайцаў абмежаваўся толькі кароткай рэплікай: «Вар’яцкая выдумка, якая выходзіць за рамкі здаровага сэнсу». Пры гэтым адзначыў, што павелічэньня колькасьці візаў, выдадзеных беларускімі консульскімі ўстановамі грамадзянам Кітаю, не назіраецца.

На пачатку чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім паблізу Смалявічаў, што пад Менскам, будзе створаная асаблівая эканамічная зона з адмысловым прававым рэжымам тэрмінам на 50 гадоў. Пад індустрыяльны парк адводзіцца тэрыторыя плошчай 8,5 тысяч гектараў, што па сваіх памерах супастаўна зь Віцебскам.

На асобнай пляцоўцы мае паўстаць цэлы прамысловы горад, акцэнт у якім будзе зроблены на электроніку, біямэдыцыну, тонкую хімію, машынабудаваньне.

Яшчэ перад падпісаньнем прэзыдэнцкага ўказу ў афіцыйных ведамствах ускосна пракамэнтавалі магчымую экспансію з Усходу. Тагачасны начальнік галоўнага ўпраўленьня інвэстыцыяў Міністэрства эканомікі Кірыл Карацееў сьцьвярджаў, што лічба ў «600 тысяч кітайскіх будаўнікоў» зьявілася яшчэ на этапе падрыхтоўкі праектнай дакумэнтацыі і насамрэч тычылася зусім іншага аспэкту:

«Тая інфармацыя, якая зьяўлялася ў сетцы Інтэрнэт адносна таго, што для будаўніцтва парку прыбудзе 600 тысяч кітайцаў, скажам так, не адпавядае рэчаіснасьці. Сапраўды, была выкладзеная інфармацыя ў цэлым аб парку, была падрыхтаваная інвэстыцыйная прапанова з боку сузаснавальніка, кітайскай кампаніі „Гарызонт“, у якой і гучала лічба ў 600 тысяч працоўных. То бок — тая ацэначная лічба, якую назвалі кітайскія спэцыялісты, робячы папярэдняе тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне. Як вынік разьвіцьця парку, як вынік стварэньня такога гораду, праз 30 гадоў яны прагназавалі такую лічбу».

Цяперашні кіраўнік інвэстыцыйнага падразьдзяленьня эканамічнага ведамства Сяргей Вайцяхоўскі таксама зьняпраўджвае пагрозу кітайскай навалы:
Уявім, што калі празь некалькі гадоў рэзыдэнтам парку будзе нейкая кітайская кампанія, то цалкам верагодна, што ў гэтай кампаніі будуць працаваць кітайскія мэнэджэры


«Калі вы хочаце ўдакладніць, ці што памянялася, магу сказаць: ад таго часу ніякіх новых дакумэнтаў не прымалася, таму незразумела, зыходзячы з чаго Яраслаў Раманчук гаворыць пра гэтыя 600 тысяч? Ці гэта толькі ягоныя прагнозы, ці ён усё ж грунтуецца на нейкіх фактах? На дадзены момант з усіх дакумэнтаў, якія праходзяць па стварэньні Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку пад Менскам, вынікае, што ніякіх абавязаньняў Рэспубліка Беларусь на сябе ня брала, у тым ліку што тычыцца таго, каб прывезьці ці працаўладкаваць такую колькасьць кітайцаў. Разам з тым зусім ня выключаная магчымасьць, што тут будуць асобныя кітайскія спэцыялісты, у тым ліку вузкай скіраванасьці. Уявім, што калі празь некалькі гадоў рэзыдэнтам парку будзе нейкая кітайская кампанія, то цалкам верагодна, што ў гэтай кампаніі будуць працаваць кітайскія мэнэджэры. Чаму б кампаніі не прыцягнуць сваіх спэцыялістаў? Але я ня думаю, што ад наступнага году рэзка прыедуць 600 тысяч кітайцаў і нешта тут пачнуць рабіць».

Бальшыня экспэртаў таксама сумняецца, што ў Беларусь адным махам дэсантуецца адразу больш за паўмільёна кітайцаў. Тым больш што зь іншых крыніцаў, набліжаных да адміністрацыі будучага індустрыяльнага парку, ёсьць зьвесткі, што на першым этапе гаворка ідзе пра 2 тысячы кітайскіх будаўнікоў, якія будуць закладаць падмурак пад прамысловы гігант. Якім чынам будуць разьмяркоўвацца працоўныя плыні надалей — шмат у чым залежыць ня толькі ад вышэйшых кіраўнікоў Беларусі і Кітаю, але і ад настрояў у грамадзтве. Варта нагадаць, што калектыўная воля смалявіцкіх дачнікаў ужо перашкодзіла экспрапрыяваць пад знос іх лецішчы і дамы, каб скарыстаць зямлю дзеля патрэбаў парку. У выніку выступаў незадаволеных грамадзянаў мапу будоўлі давялося скарэктаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG